У Беларусі няма возера лотасаў? Затое ёсць неверагоднае возера белых лілеяў!


Марыце паехаць у Тайланд, каб падзівіцца, як квітнеюць містычныя лотасы? А Вы бачылі, як распускаюцца белыя гарлачыкі? Не менш фантастычна! «Белсат» прапануе зазірнуць на возера, дзе іх цэлае мора.

Часам варта збочыць з дарогі, каб пабачыць, колькі неймаверна прыгожых куткоў, хавае ў сабе нашая краіна. Едучы каля Падароску ў Ваўкавыскім раёне, звычайна цікаўныя турысты спыняюцца, каб наведаць сядзібу Чачотаў. Аднак, калі павярнуць у бок вёскі Сядзельнікі, можна пабачыць невялікае возера, поўнасцю парослае белымі вадзянымі лілеямі, або гарлачыкамі. Акурат на чэрвень пры добрым сонечным надвор’і прыпадае пачатак росквіту гэтых чароўных бялёсых кветак. І квітнець яны будуць ажно да верасня.

Возера белых лілеяў каля вёскі Сядзельнікі
Белыя гарлачыкі

У Беларусі гэтая кветка занесеная ў Чырвоную кнігу. Дарэчы зрываць вадзяныя лілеі пабойваліся таксама нашыя продкі. Лічылася, што юнакоў, якія спрабавалі нарваць кветак для сваіх абранніц, маглі ў ваду ўцягнуць русалкі. Хоць насамрэч сарваць гэтыя кветкі досыць цяжка, бо звычайна пад белымі лодачкамі ў глыбіню цягнуцца даўжэзныя сцёблы, у якіх можна лёгка заблытацца. Агулам у славянскай міфалогіі, белы гарлачык лічыўся пераможным сімвалам, які выкарыстоўвалі як абярэг. Кветка мела містычную здольнасць раскрываць талент чалавека. Дый увогуле лічылася сімвалам прыгажосці, абнаўлення, справядлівасці, міру і дабрабыту.

Калі назіраць за гарлачыкамі цягам содняў, можна пабачыць, як увечары недзе а 5-6-й гадзіне яны павольна закрываюць свае пяшчотныя пялёсткі і апускаюцца ў ваду. На раніцу, калі ўстае сонейка, яны высоўваюць свае галоўкі, каб ізноў раскрыць на ласку прамянёў свае бялёсыя бутоны. Дарэчы корань кветкі – а хутчэй цыбуліна – прыдатны да ежы. Акрамя таго з кветак вырабляюць лекі.

Чым розняцца лотас і гарлачык?

Хоць кветкі лотасу і белай вадзяной лілеі досыць падобныя, у батаніцы гэтыя расліны адносяцца да розных сямействаў: лотас – да лотасавых (Nelumbonaceae), а вадзяная лілея (гарлачык) – да гарлачыкавых або німфейных (Nymphaeaceae). Старажытнагрэцкая легенда апавядае, што німфа запалала каханнем да Геракла, які застаўся да яе пачуццяў абыякавым. Тады ніфа з гора пераўтварылася ў белую кветку. Адсюль і назва – німфея альба.

Кветка гарлачыка ляжыць на самай паверхні вады, у той час калі лотас мае здольнасць вырастаць над вадой больш за метр. Акрамя таго, кветка лотасу большая па памеры. Тым не менш, мора далікатных беласнежных бутонаў, якія спакойна плаваюць на паверхні нашых вазёр – відовішча не менш прывабнае і захапляльнае. Ёсць яшчэ цэлае лета, каб пабачыць гэтую прыгажосць на ўласныя вочы!

ПВ, belsat.eu

Фота – Васіль Малчанаў

Стужка навінаў