У Беларусі можа з'явіцца новае свята – Дзень бацькі


Грамадскія аб’яднанні у Беларусі актыўна ініцыююць увядзенне новага свята ў дзяржаўныя календары, а заканадаўцы ўжо пачалі падумваць, ці не прыслухацца да меркавання грамадскасці, падае interfax.by.

Намеснік начальніка аддзелу народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка на сустрэчы з журналістамі адзначыла, што падобныя ідэі зыходзяць перш за ўсё ад аб’яднанняў, якія ўзначальваюць бацькі-адзіночкі альбо мужчыны, якія самі выхоўваліся ў няпоўных сем’ях.

Зрэшты, па словах чыноўніка, чакаць хуткага ўнясення Дня бацькі ў каляндар не даводзіцца. На яе думку, адзначаць гэтае свята можна і так, без прызнання яго дзяржаўным.

«І калі гэтае свята знойдзе водгук у грамадстве, будзе папулярызавацца, то, магчыма, узнікне неабходнасць яго зацвярджэння і на дзяржаўным узроўні», – скаментавала спадарыня Арцёменка.

Па словах чыноўніцы, гэта магчыма, улічваючы, наколькі шырока ў Беларусі грамадскія аб’яднанні праводзяць акцыі падтрымання бацькоўства.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага агенцтва на сярэдзіну 2013 года ў Беларусі налічвалася больш як 12 тыс. няпоўных сем’яў, у якіх бацькі займаліся выхаваннем дзяцей да 18 гадоў. А ўсяго бацькамі-адзіночкамі лічылі сябе каля 50 тыс. мужчынаў: у апошнюю, неафіцыйную, лічбу ўвайшлі і тыя прадстаўнікі моцнага полу, дзецям якіх нядаўна споўнілася 18 гадоў.

Беларускія мужчыны ўсё часцей пачалі сыходзіць у адпачынкі па догляду за дзіцем да 3 гадоў замест жонак. У 2013 годзе такіх было больш за 3,5 тыс.

Свята Дзень бацькі адзначаецца ў шмат якіх краінах свету ў трэцюю нядзелю чэрвеня. Упершыню яго пачалі адзначаць у Злучаных Штатах Амерыкі ў пачатку XX стагоддзя па ініцыятыве жанчыны Саноры Смарт, якую разам з яе братамі і сёстрамі пасля смерці маці выхоўваў бацька. У 1966 годзе Дзень бацькі стаў у ЗША нацыянальным святам.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў