У Беларусі можа з'явіцца новы від махлярства з карткамі


МУС Беларусі папярэджвае, што пакуль крымінальную схему зламыснікі абкатваюць на жыхарах ЗША і Заходняй Еўропы. Аднак у любы момант ахвяры могуць зʼявіцца і ў нашай краіне.

Ашуканцы ўсталёўваюць адмысловыя накладкі на POS-тэрміналы, якія выкарыстоўваюцца для аплаты тавараў і паслуг. Прылады счытваюць персанальныя дадзеныя з магнітнай паласы банкаўскай карткі і запамінаюць уведзены кліентам PIN-код. Пасля вырабляюць дублікат карткі, на якую запісваецца выкрадзеная інфармацыя, што дае магчымасць зняць грошы ў любым банкамаце.

Аднак часцей злачынцы перапраграмоўваюць тэрміналы.

Прынцып іх працы аналагічны накладкам з розніцай толькі ў тым, што маналітныя псеўдапрыстасаванні імітуюць аплатную аперацыю, а дакладней няўдалую спробу яе правядзення. Пра гэта кліенту нават прадстаўляецца адпаведны чэк.

Звычайна людзі не памятаюць месцы, дзе расплачваюцца карткай, і тым больш не захоўваюць чэкі «халастых» аперацыяў. Гэтым паспяхова карыстаюцца зламыснікі: здымаюць чужыя грошы спецыяльна праз адзін-два тыдні, каб уладальнік паспеў забыцца пра месца і час карыстання карткай.

Часта ашуканцы вярбуюць саўдзельнікаў: афіцыянтаў і барменаў, таксістаў, прадаўцоў, аператараў АЗС і г.д.

Ва ўпраўленні «К» раяць:

  • аформіць чыпавую картку (страхоўка ад падробкі);
  • падключыць паслугу СМС-абвесткі;
  • усталяваць на карту дыферэнцыраваныя ліміты на выплату грошай, пакупкі і разлікі ў інтэрнэце.
  • звяртаць увагу на POS-тэрміналы (прылада не павінна ўтрымліваць старонніх элементаў і цалкам «заглынаць» карту, а поле для ўвядзення PIN-коду і вонкавы святладыёд павінны быць выразна бачныя).

ДР belsat.eu

Стужка навінаў