У Беларусі могуць прайсці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары


Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына не выключае пераносу адной з выбарчых кампаніяў на восень 2019-га, бо згодна з календаром выбараў і рэферэндумаў у 2020 годзе ў Беларусі па тэрмінах амаль цалкам супадаюць прэзідэнцкія і парламенцкія выбары.

Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года, а выбары ў Палату прадстаўнікоў – не пазней за 10 верасня. Лідзія Ярмошына не лічыць, што дзве гэтыя кампаніі магчыма сумясціць.

«Я не думаю, што гэтыя выбары сумесцяць. Хутчэй за ўсё, калі прыйдзе час, будзе прынята адпаведнае палітычнае рашэнне і нейкую выбарчую кампанію перанясуць на больш ранні тэрмін. А ўжо якую – пра гэта павінны дамовіцца кіраўнік дзяржавы і парламент. Праводзіць выбары раней можна, пазней – нельга. Таму так, там сапраўды ўсё практычна цалкам супадае. Прэзідэнцкая кампанія звязана тэрмінамі правядзення апошняй інаўгурацыі, парламенцкая – тэрмінамі правядзення першай устаноўчай сесіі», – адзначыла Ярмошына ў інтэрвʼю БелТА.

Паводле яе слоў правесці дзве кампаніі запар было б цяжка. «Напэўна, было б больш разумна рабіць выбары, напрыклад, восенню 2019 года», – мяркуе Ярмошына.

«Магу сказаць, што ў нашым выпадку ўсё будзе залежаць ад вельмі шматлікіх фактараў – і ад міжнароднай абстаноўкі, і ад эканамічнага становішча. Плюс будзе падрыхтавана сурʼёзная палітычная аналітыка, правядуць даследаванні. Пакуль што занадта рана пра гэта казаць», – дадала яна.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары