У Беларусі легальна гоняць самагон, з якога беларускія бармены робяць новы кактэйль


Вырабам самагону пачаў займацца Слонімскі вінны завод. Для стварэння традыцыйнага для Беларусі напою з зерня ў прамысловых маштабах было патрэбнае адмысловае абсталяванне, якое не вырабляецца серыйна нідзе ў свеце.

Самагонны апарат для слонімскага прадпрыемства на спецыяльную замову вырабіла адна з менскіх кампаніяў, якая выйграла тэндар. Асаблівасцю напою з’яўляецца тое, што ён вырабляецца з дыстыляту, які цэніцца ў Еўропе, і неачышчанай вады, якая захоўвае мінеральныя солі.

Разліваюць самагон і закаркоўваюць уручную. Цяпер слонімскае прадпрыемства вырабляе 2 напоі: «Традыцыйны» (42 градусы) і «Люты» (47 градусаў).

Ужо цяпер ёсць дамова на пастаўку самагону-першаку ў беларускія крамы «duty free», а таксама ёсць зацікаўленасць гэтым прадуктам на італьянскім рынку.

Прэзентацыя трунку прайшла ў менскім бары «Хуліган», бармены якога прыдумалі адмысловы кактэйль, які робіцца з беларускага першаку. Сакрэт кактэйлю бармены пакуль не раскрылі, але абяцалі зрабіць гэта пазней.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў