У Беларусі хочуць пашырыць сістэму жыллёвых субсідыяў


Улады рыхтуюць новую рэдакцыю ўказа № 322 «Аб прадстаўленні безнаяўных жыллёвых субсідыяў».

Як піша газета «Рэспубліка», папраўкі прадугледжваюць пашырэнне спісу катэгорый асобаў, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы. Акрамя таго, да іх будзе прымяняцца выявіцельны прынцып: то бок дзяржава сама будзе знаходзіць тых, каму патрабуюцца падтрымка.

«Пашырэнне сістэмы прадстаўлення безнаяўных жыллёвых субсідыяў па выявіцельным прынцыпе мэтазгодна за кошт уключэння сацыяльна слабых катэгорыяў грамадзян, звесткі аб даходах якіх маюцца ў інфармацыйных рэсурсах Мінпрацы і сацабароны. Гэта тыя, хто выхоўвае дзіця ва ўзросце да 3 гадоў, даглядае дзіця-інваліда да 18 гадоў і атрымлівае дапамогу ў органах па працы, занятасці i сацыяльнай абароне. І тыя, хто атрымлівае дапамогу па доглядзе за інвалідам I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту», – заявіў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.

У Мінжылкамгасе хочуць, каб доля абавязковага плацяжу мянялася і залежыла ад сярэднедушавога даходу сям’і: чым менш даход сямʼі, тым ніжэй для яе доля выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

Нагадаем, што з 1 кастрычніка 2016 года ў Беларусі пачала працаваць новая сістэма прадстаўлення дзяржаўнай дапамогі на аплату жыллёва-камунальных паслуг. Субсідыі прадстаўляюць, калі на аплату жыроўкі (без перавышэння нарматываў спажывання) будзе сыходзіць больш за 20% прыбытку гарадской або 15% прыбытку сельскай сямʼі.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў механізм выдзялення такіх субсідыяў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў