У Беларусі адмянілі міжнародны фестываль каталіцкіх фільмаў, бо няма грошай


Фестываль каталіцкіх фільмаў і тэлепраграмаў «Magnificat» сёлета не адбудзецца.

Імпрэза мае 11-гадовую гісторыю.

Асноўная прычына фестывальнай паўзы – фінансавая. З моманту стварэння «Magnificat» існаваў пераважна за кошт падтрымкі каталіцкіх фондаў, якія ў апошнія гады адмаўляюцца ад далейшага супрацоўніцтва.

Дырэктар фестывалю, рэжысёр Юрый Гарулёў не губляе надзеі адносна таго, што «Magnificat» зможа існаваць без замежнай падтрымкі, дзякуючы дабрачынным ахвяраванням беларускіх хрысціянаў.

«З дазволу Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі два разы на год у парафіях маглі б збірацца ахвяраванні на ўтрыманне фестывалю, – распавядае Юрый Гарулёў. – Але, як паказвае практыка, нават за 10 гадоў не ўсе католікі ведаюць, што такое «Magnificat», таму сёлетні год аргкамітэт фестывалю цалкам вырашыў скарыстаць для правядзення «Рэха Магніфікату»», – тлумачыць рэжысёр.

Адкрыццё фестывалю традыцыйна праходзіла ў Мінску, асноўны ж прагляд конкурсных стужак, як і праца журы, адбываліся на Глыбоччыне.

Ідэя «Рэха Магніфікату» – калі ў парафіях ладзяцца адмысловыя кінапаказы лепшых стужак фестывалю розных гадоў – дагэтуль рэалізоўвалася не ў поўную сілу. З гэтага года, паводле Юрыя Гарулёва, аргкамітэт вырашыў зрабіць фестываль дасяжным для кожнай парафіі Беларусі.

«Мы адкрытыя для ўсіх. Звярнуцца да нас можа кожная парафія – фільмы мы прадастаўляем бясплатна, – заўважае Юрый Гарулёў. – У некаторых гарадах дасягнутая дамоўленасць з Мінкультам: мы можам паказваць кіно ў кінатэатрах».

Паводле Юрыя Гарулёва, штогод арганізатары фестывалю атрымліваюць да 150 заявак ад рэжысёраў з розных краінаў.

НМ, belsat.eu, паводле Catholic.by

Глядзі таксама
Каментары