У Беларусі абавяжуць запісваць звесткі пра ўсе сайты, якія наведвалі карыстальнікі


Беларускія правайдары з 1 студзеня 2016 года будуць абавязаныя захоўваць гісторыю наведвання сайтаў карыстальнікамі цягам года з дня аказання інтэрнэт-паслуг.

Адпаведную пастанову ад 18 лютага апублікавала Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі 14 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, падае telegraf.by.

Правайдары будуць захоўваць звесткі аб старонках, на якія заходзілі карыстальнікі, а таксама звесткі аб заключэнні дамовы на аказанне паслуг электрасувязі, прозвішча і адрас карыстальніка.

Будуць захоўвацца і звесткі пра дату, час пачатку і заканчэння злучэнняў, унутраны і вонкавы IP-адрас, даменнае імя або IP-адрас наведанага рэсурсу ў сеціве, аб’ём перададзеных і прынятых дадзеных.

Што гэта азначае для простых беларусаў? Перш за ўсё тое, што ўлады цяпер бесперашкодна змогуць высветліць іхныя інтарэсы і прыхільнасці, піша сайт by24.org.

Да прыкладу, праваахоўнікаў дакладна зацікавяць грамадзяне, якія наведваюць сайты з інфармацыяй аб вытворчасці і продажы наркотыкаў, рэсурсы з інструкцыямі па вырабе выбуховых прыладаў, форумы абмену дзіцячай парнаграфіяй ды інтэрнэт-старонкі апазіцыйных палітычных партыяў і незалежных медыяў. Прагляд апошніх з хатняга кампютара ці мабільнай прылады дазволіць адпаведным органам досыць лёгка і аператыўна скласці спісы ўсіх патэнцыйна нядобранадзейных грамадзянаў.

Нагадаем, нядаўна ў Беларусі ўжо забаранілі выкарыстанне сродкаў забеспячэння ананімнасці ў інтэрнэце – такіх як сайты-ананімайзеры, проксі-серверы, VPN і сетка TOR.

МЯ, belsat.eu, паводле telegraf.by, by24.org

Глядзі таксама
Каментары