У Беларусі 3,5 млн асобаў гуляюць у азартныя гульні


Кандыдат медычных навук Міхаіл Важэнін распавядае, наколькі востра ў Беларусі стаіць праблема з залежнасцю ад азартных гульняў.

У нашай краіне працуюць 240 казіно і гульнявых залаў, парадку 8 тыс. гульнявых аўтаматаў і 200 букмекерскіх кантораў, піша газета «Рэспубліка» у сваім артыкуле.

«Хочаце абвяшчу шакавальныя лічбы? Падобныя ўстановы наведваюць каля 3,5 млн асобаў у месяц! Прычым з іх 240 тыс. асобаў наведваюцца туды больш за 10 разоў у месяц. А гэта значыць, яны ўжо залежныя ад азартных гульняў», – адзначае кандыдат медычных навук, супрацоўнік РНПЦ Міхаіл Важэнін.

На ягоную думку, у Беларусі варта ствараць сетку платных ананімных цэнтраў, каб дапамагаць людзям, якія не могуць самастойна справіцца са сваёй азартнай залежнасцю.

«У сілу спецыфікі нашай установы (РНПЦ) людзі з «лёгкімі» залежнасцямі ідуць да нас неахвотна», – кажа Міхаіл Важэнін.

Магчыма, хутка сваякі гульняманаў змогуць забараніць ім наведванне казіно – адпаведны законапраект прапанавала Міністэрства па падатках і зборах. Пакуль жа абмяжоўваць сябе могуць толькі самі гульцы. Калі чалавек адчувае, што азарт зацягвае яго ў пазыковую яму, ён можа напісаць заяву – і ўваходу ў казіно, букмекерскія канторы, як і доступ да гульнявых аўтаматаў будзе для яго зачынены. Тэрмін абмежавання выбірае ён сам – ад 6 месяцаў да 3 гадоў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў