У беларусаў пашыраецца крызіс даверу да інстытуцыяў


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=71mB5LNvtd4″][vc_column_text]Крызісная сітуацыя – не толькі ў эканоміцы. За апошнія гады сярод беларусаў пашыраецца крызіс даверу да інстытуцыяў – як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных. Патэнцыял салідарнасці нашага грамадства імкнецца да нуля.

Ад беднасці ды астрогу няма перасцярогу. Хвароба, няшчасны выпадак, страта дому – да каго звяртацца, калі жыццё сабе цябе з ног? У адрозненні ад грамадзянаў Еўразвязу ды іншых развітых краінаў, беларусы чакаюць дапамогі найперш ад сваякоў. На дзяржаву не спадзяюцца.

ЖЫХАРЫ ПІНСКУ:

«Калі штосьці здарыцца, то блізкія сваякі, сям’я прыйдзе на дапамогу».
«На дапамогу мне прыдуць канешне дзеці».
«Сябры… я так думаю… і спадзяюся».
«Таму што альбо ты сам, альбо дапамагаюць блізкія».

Паводле даследавання, прэзентаванага Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі ды Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў, беларусы ў большасці давяраюць толькі блізкім. І дапамагаць спяшаюцца найперш чальцам сям’і, сябрам, максімум калегам па працы. Ў вёсках, адкуль паходзіць традыцыя талакі, крыху лепш, там давяраюць суседзям. Атамізаванае, аморфнае грамадства – гэта калі людзям цяжка аб’яднацца для вырашэнняў праблемаў, і яны не адчуваюць сябе грамадствам.

АЛЕНА АРЦЁМЕНКА, БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ СТРАТЭГІЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ:

«Губляецца практыка салідарнага дзеяння паступова, усё менш яно праяўляецца ў Беларусі, гэта заўважна. Даследаванне дапамагае паказаць, што і патэнцыял салідарнасці паступова зніжаецца, бо людзі менш давяраюць іншым. Адпаведна, менш верагодна ўзнікненне такога салідарнага дзеяння».

Вельмі слабыя гэтак званыя гарызантальныя сувязі – беларусы не спяшаюцца верыць медыям, грамадскім аб’яднанням, праваабаронцам.

Штогод усё менш людзей выходзіць на мітынгі апазіцыі, бо штогод яны расчароўваліся ў апазіцыйных лідарах, якія не маюць плану перамагчы па-сапраўднаму. Але і ў абарону Аляксандра Лукашэнкі беларусы таксама ўсё менш гатовыя аб’ядноўвацца.

АНДРЭЙ ЯГОРАЎ, ЦЭНТР ЕЎРАПЕЙСКАЙ ТРАНСФАРМАЦЫІ:

«Дзесяцігоддзі панавання такой палітычнай сістэмы не ствараюць неабходнасці для салідарнага вырашэння калектыўнымі высілкамі людзей нейкіх пытанняў асабістага альбо публічнага жыцця».

Паводле экспертаў, ключ да салідарнасці трэба шукаць па-за апазіцыяй і лукашызмам. Даследаванні паказалі, што нашыя грамадзяне могуць давяраць не толькі сям’і, але і аднадумцам.

ТАЦЦЯНА ВАДАЛАЖСКАЯ, АГЕНЦТВА ГУМАНІТАРНЫХ ТЭХНАЛОГІЯЎ:

«Зараз усё больш такая форма салідарнасці ці адзінства развіваецца ў выглядзе дабрачыннасці, напрыклад».

Звычайна недаверлівыя, людзі могуць аб’ядноўваюцца і супраць агульнай пагрозы.

АЛЕНА АРЦЁМЕНКА, БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ СТРАТЭГІЧНЫХ ДАСЛЕДАВАННЯЎ:

«Калі будзе нейкі крызіс, звязаны з прыгнётам людзей розных нацыянальнасцяў, яны таксама будуць схільныя да салідарнасці, бо гэты патэнцыял у іх ёсць».

Так адбылося ва Украіне. Людзі розных палітычных поглядаў аб’ядналіся і паверылі адзін адному падчас Майдану, калі «беркутаўцы» ужылі непрапарцыйна жорсткую сілу ды агнястрэльную зброю. А потым, калі на Данбас прыехалі дыверсанты з Растову і Буратыі, менавіта валанцёрства і гарызантальныя сувязі дазволілі ўкраінцам не пусціць расейскія танкі да Адэсы і Днепрапетроўску.

Хаця лепш аб’яднацца зараней. Тады мо і вайны не будзе.

Яраслаў Сцешык, »Белсат«.[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў