У беларусаў былі свае валькірыі! Ці засталіся яны сёння?


Валатоўны – продкі беларусак са зброяй. І гэта не адзіны вобраз актыўных жанчын, што са старажытнасці дайшоў да нас праз фальклор. Ці сапраўды ў міфа-паэтычнай мадэлі свету жанчыне адводзіцца другасная роля? «Белсат» разбіраўся разам з фалькларысткай, этналінгвістам Таццянай Валодзінай.

Беларуска ў старажытнасці: другасная ці другая?

Таццяна Валодзіна
Таццяна Валодзіна

Натуральна, сялянскі лад патрыярхальны, але шэраг гістарычных і фальклорных сведчанняў паказваюць на тое, што на нашых землях жанчына не займала такой залежнай пазіцыі, як у Расеі паводле «Дамастрою». Міфалагічны статус жанчыны неадназначны. Поруч з лініяй яе грахоўнасці ды асаблівай блізкасці да іншасветаў ідзе лінія жанчыны-радзіхі, на якой трымаецца ўвесь сусвет. Бытавыя штампы, паводле якіх жанчына хітрая, балбатлівая, падступная, знаходзяцца на перыферыі фальклорнай традыцыі. Жанчына перадусім – медыюм паміж светамі.

Фальклор з моцным вобразам жанчыны

Чарадзейныя казкі апавядаюць пра тыя часы, калі жанчыне належала больш актыўная роля чым, скажам, у часы Сярэднявечча. У гэтым плане цікавы шэраг легендаў пра наш аналаг германскіх валькірый. Гэта моцныя жанчыны, якія маглі не толькі абараніць сябе, але будучы гаспадынямі пэўнага локуса – замка, паселішча – маглі адбівацца ад ворагаў, іншаземцаў. Традыцыя малюе іх як непераможных. Гэта не жонкі, але дочкі князя, маладыя незамужнія дзяўчаты, надзеленыя асаблівай фізічнай сілай.

Даследчыкі называюць іх багатыркі, валатоўны. Легенды пра іх распаўсюджаныя пераважна на Падзвінні. Напрыклад, пра Мар’іну гару апавядаецца, што там жыла Мар’я, гаспадыня сваіх сялянаў. Калі паселішча захацелі ўзяць ворагі, яна пайшла на іх з булавой і выйграла пабоішча. Даследчыкі даводзяць, што пад час паходаў вікінгаў на ўсходнеславянскія землі, яны запазычылі мясцовыя сюжэты і прынеслі на нямецкую глебу, дзе адбылося аб’яднанне з цыклам пра валькірый. Без сумневаў, наш эпас мае шмат агульнага са скандынаўскім.

Васіліса: прыўкрасная і прымудрая

Чарадзейная казка – сумесная спадчына славянскіх народаў, а то і ўсіх інда-еўрапейскіх. Таму сказаць, што якая-небудзь Алёна, Васіліса – чыста беларускі персанаж – гэта няправільна. У сацыяльна-побытавых казках – самых позніх – з’яўляюцца балбатухі, сварлівыя, сквапныя кабеты. У чарадзейных жанчына актыўная, разумная, можа быць мудрэйшай за свайго партнёра, дзейсная ў дзяржаўным плане асоба. Тая ж Баба Яга: пры ўсіх яе непрыемных характарыстыках у сваім архетыпе персанаж пазітыўны. Яна гаспадыня лесу, якая валодае іншасветнай мудрасцю. Людажэрства – гэтае адценне з’яўляецца нашмат пазней, калі адбываецца пераасэнсаванне вобразу.

Ці магла сялянка дамагчыся пакарання свайго крыўдзіцеля?

Адна з маіх вясковых субяседніц расказала, як у яе маладосці пакінутая цяжарнаю дзяўчына не збаялася прынесці ў касцёл на вянчанне пяску ды шугануць яго пад ногі жаніху-здрадніку, які ішоў з з другою. Яшчэ адна ўзгадала пра выпадак, калі жонка ўрабіла каханцы нявернага мужа, што ўвесь яе падворак запоўніўся жабамі.

Сялянка мусіла быць актыўная ў межах сваёй сям’і, літаральна змагацца за сябе і дзяцей, з зайздроснікамі, нягодамі, беднасцю. Пра яе дасягненні ў грамадскім жыцці ў вуснай народнай творчасці гаворка практычна не ідзе.

Несправядлівасць і прыгнечанасць? Як ацэньваюць сваё становішча самі сялянкі

Жанчыны з ваенным дзяцінствам, з пасляваенным голадам… Казаць пра іх нерэалізаванасць не даводзіцца. Тут хутчэй уражвае, як можна было ўсё гэта перажыць, не зламацца. У нашым камфортным жыцці, калі слухаеш, як жылі раней, гэта ўспрымаецца на ўзроўні фантастыкі. У зямлянках, галодныя, без мыла, 4 дзяцей і мужыка няма. Я не магу гаварыць пра нерэалізаванасць і двайныя стандарты ў дачыненні да жанчын. Ці яны былі шчаслівыя? Мы задаём гэтае пытанне вельмі часта. Шчасце для іх – нават не столькі муж. Шчасце ў дзецях.

Для жанчын 20-х гадоў нараджэння шчасце – калі мужыка на вайне не забілі і не голад. Пазнейшыя – калі сын не п’яніца, калі дачка выйшла замуж. Слухаеш гэтыя гісторыі ды ўсё роўна перакідваеш на гарадскую аўдыторыю.

У гэтым вялікая мудрасць. Чым заканчваюцца ўсе без выключэння чарадзейныя казкі? Вяселлем. Гэта паказвае на тое, што самы моцны рухавік жыцця – працяг роду. У традыцыі працяг роду мог быць у межах сям’і. Так і было.

Ці мы штосьці страчваем, калі забываем сэнс традыцый?

У міфа-паэтычнай карціне свету кожны складнік мае сваё месца. Калі ён перасоўваецца на яму неналежную пазіцыю, гэта цягне за сабой негатыў і катаклізмы. Хай сабе на ўзроўні сям’і ці прыроды. Напрыклад, нарадзіла дзеўка без мужа – прырода адрэагуе віхурай, градам. Даводзілася запісваць, калі моцна грымела, дзед ужо з напаўжартам каментаваў: «Дзеўка недзе нарадзіла». Калі жанчына выходзіць па-за сваю пазіцыю, то гэта вядзе да наступстваў і адносна яе самой, і адносна наваколля.

У нас пры грамадзянскіх шлюбах, разводах, нараджэнні пазашлюбных дзяцей, нікуды не падзелася ў якасці ўзору мадэль поўнай сям’і. Правядзі сацыяльнагічнае апытанне – у горадзе ці ў вёсцы – абсалютная большасць скажа, што лепей жыць з мужам, нарадзіць у сям’і. Ёсць пазачасавыя каштоўнасці, што прайшлі выпрабаванне. Як была абсалютная каштоўнасць – лад, не столькі каханне, колькі лад у сям’і – так яна і засталася.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў