У Беларусь вярнуўся дзікі лясны кот


У 1927-м годзе, як лічыцца, быў забіты апошні лясны кот, які жыў у Беларусі. Аднак амаль праз 90 год пухнаты драпежнік, які лічыцца вымерлым у нашай краіне, патрапіў у фотааб’ектыў у Чарнобыльскай зоне.

22 чэрвеня гэтага году адна з аўтаматычных фотакамер у Нараўлянскім раёне зрабіла здымак ляснога ката, паведаміў сайт wildlife.by. Фота было зроблена далёка ад месца жыхарства людзей – у 25 км ад бліжэйшай жылой вёскі.

Начное фота ляснога ката ў Беларусі. Фота wildlife.by.

«Негледзячы на нізкую якасць начной здымкі, на фота добра бачныя асноўныя вызначальныя прыкметы віда», – адзначае ў артыкуле старэйшы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра па біарэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Валер Дамброўскі.

Бліжэйшы сваяк хатняй Муркі

Лясны кот калісці жыў шмат дзе ў лясах Еўропы, Афрыцы і Азіі, аднак па меры асваення чалавекам прасторы і праз актыўнасць паляўнічых з XVIII па XIX стагоддзі ягоная колькасць на нашым кантыненце стала заўважна скарачацца. Новае жыццё для віда пачалося ў канцы XX стагоддзя, калі ў Нямеччыне пачалі спецыяльную праграму дапамогі драпежніку – і лясны кот зноў стаў зʼяўляцца там, дзе яго даўно не бачылі.

Бліжэй за ўсё да Беларусі лясныя каты жывуць ва Украіне – магчыма як раз з поўдня від і пачаў пашырэнне на беларускае Палессе.

Лясны кот у Баварскім лясным нацыянальным парку. Фота wikipedia.org

Лясны кот адрозніваецца ад хатняй коткі, свайго самага блізкага «сваяка», буйным памерам, баявым норавам і нежаданнем лішніх кантактаў з чалавекам. Акрамя агульных памераў лясны кот адрозніваецца вялікім пухнатым і як бы «тупым» хвастом з некалькімі чорнымі палосамі і больш доўгімі лапамі.

«Будзем спадзявацца, што гэта не вандроўны адзінкавы экземпляр, а зʼяўленне яго ў запаведніку не выпадковасць. Як не было выпадковасцю зʼяўленне там же рысі, мядзьведзя, лошадзі Пржэвальскага і шмат якіх іншых відаў, якія прайшлі свой шлях ад першай рэгістрацыі ў запаведніку да стварэння ўстойлівых лакальных груповак», – піша спецыяліст.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў