У Беларусь афіцыйна ўцяклі 25 тысяч украінцаў


Ад пачатку канфлікту на Данбасе ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваліся больш за 25 тысяч грамадзянаў Украіны.

Пра гэта ў эфіры праграмы «Контуры» тэлеканала АНТ ўвечары 14 верасня паведаміў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі беларускага МУС Аляксей Бягун.

Паводле ягонай інфармацыі, 10 тысяч грамадзянаў Украіны атрымалі дазвол на працу ў Беларусі, частка з іх звярнуліся ў органы па прадстаўленне статусу бежанца.

«Усе нам казалі, што іх тут вельмі добра ўспрынялі. Гэта вельмі важна. Ніхто іх тут не выганяе, дах над галавой ёсць, есці ёсць. І цяпер усе спадзяюцца, што неяк гэта супакоіцца. А калі не паедуць дадому, то тут могуць працягваць сваё жыццё», – сказаў рэгіянальны прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) у Беларусі, Малдове і Украіне Олдржых Андрысэк (Oldřich Andrýsek).

Па словах прадстаўніка УВКБ ААН у Беларусі Жан-Іва Бушардзі (Jean-Yves Bouchardy), падпісаны ў канцы жніўня ўказ прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб знаходжанні ў краіне грамадзянаў Украіны садзейнічаў інтэграцыі украінцаў у беларускае грамадства: «Прыклады, якія мы бачылі на прадпрыемствах, і зыходзячы з размоваў з бежанцамі, практыка паказвае, што сістэма працуе».

Найбольш мігрантаў з Украіны зарэгістраваліся на Гомельшчыне: 7,1 тысячы чалавек. На Берасцейшчыне іх удвая менш: 3,5 тысячы.

Каля тыдня таму Олдржых Андрысэк на сустрэчы з кіраўніцтвам Гродзенскай вобласці папярэдзіў, што ў Беларусь могуць таксама прыехаць шмат бежанцаў з Сірыі.

 АК, belsat.eu, паводле БелаПАН, БелТА, «Вечерний Брест»

Стужка навінаў