У Беларусь не пусцілі святара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы


Архіепіскап Святаслаў Логін, грамадзянін Украіны, атрымаў адмову ўва ўездзе другіх раз цягам апошніх двух гадоў.

14 ліпеня каля 18-й на ўездзе ў Беларусь у памежным пункце пропуску «Новая Гута» у Гомельскай вобласці затрымалі сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» архіепіскапа Святаслава Логіна з Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, які ехаў на 7-ы з’езд гэтае арганізацыі.

Святару заявілі пра забарону ўезду ў Рэспубліку Беларусь, пастаўлена адпаведны штамп у пашпарт і яго завярнулі назад ва Украіну ў памежны пункт «Новыя Ярылавічы».

Беларускія памежнікі паводзіліся карэктна, але прычыны забароны ўезду ў Беларусь беларускаму святару, як і тэрміну забароны назваць не змаглі, бо з іхных словаў, яны гэтага ня ведаюць.

На штампе ніякай інфармацыі пра тэрмін дзеяння забароны няма.

Апошні раз Святаслаў Логін спрабаваў уехаць у Беларусь два гады таму – і яго таксама не ўпусцілі.

Пазней у адказе на электронны зварот архіепіскапа беларускае МУС адмовілася назваць прычыну і тэрмін забароны яму ўезду ў Беларусь.

«Мяркую, я аказаўся ў расейскіх спісах нон-грата, а праз дамову ад 3 сакавіка 2015 года аб узаемным прызнанні неўязных персонаў мяне не пускаюць таксама ў Беларусь», – заявіў Логін у размове з «Белсатам».

Архіепіскап сказаў, што не спрабаваў апошнім часам наведаць тэрыторыю Расеі, а на пытанне, навошта Расеі ўключаць яго ў спіс неўязных, святар сказаў, што «ФСБ не хоча, каб патрыёты Беларусі праводзілі ў краіне сваю дзейнасць».

«Расея хацела б цалкам падпарадкаваць сабе Беларусь», – сказаў архіепіскап.

ДД

Стужка навінаў