Знішчальнікі МіГ-29СМТ і самалёты Су-34 ужо прызямліліся на вайсковыя аэрадромы ў Баранавічах і ў Гарадзенскай вобласці. Першымі прыбылі расейскія экіпажы знішчальнага авіяцыйнага палка.
Пра гэта паведаміла Міністэрства абароны Беларусі.
«Сёння на вайсковыя аэрадромы перабазаваліся самалёты і верталёты авіяцыі Заходняй вайсковай акругі Узброеных сіл Расеі, якія возьмуць удзел у сумесным стратэгічным вучэнні ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі «Захад-2017».
Беларусь сустрэла расейскіх авіятараў надзвычай гасцінна – караваем і ў нацыянальных строях.
Адзін з беларускіх камандзіраў палкоўнік, сустракаючы «гасцей», падкрэсліў: «неба ў нас адно, і мы гатовыя абараняць яго разам».
Цяпер вайскоўцы заняліся падрыхтоўкай да вучэнняў. Беларускі бок запланаваў для іх і забаўляльную праграму – экскурсіі і канцэрты.
Вучэнні пройдуць з 14 па 20 верасня. У ходзе вучэнняў на тэрыторыі Беларусі задзейнічаюць больш за 40 лятальных апаратаў дзвюх дзяржаваў. У манеўрах прымуць удзел да 13 тысяч вайскоўцаў.
КА/ДР, belsat.eu