У Беларусь – без візы. Ці стане сінявокая даступнай для замежнікаў?


Ці прываблівае нашая краіна турыстаў? Летась з такімі мэтамі Беларусь наведалі 300 тысячаў чалавек – удвая больш, чымся ў папярэднія гады. Турыстычныя аператары зазначаюць, што перспектыва развіцця гэтай сферы ёсць, але галоўнаю перашкодаю застаюцца візы. Улады ж пагаворваюць нават пра іх адмену. Ці будзе гэта магчыма?

Візы – галоўная перашкода турызму

Спартовы заўзятар з Польшчы наведаў чэмпіянат свету па хакеі ў 2014-м годзе. Акурат тады адмена візы на час імпрэзы дала яму магчымасць паглядзець на краіну-суседку.

«Выезд у Беларусь да гэтага быў заўсёды звязаны са шматлікімі праблемамі: візы, кошты, страхоўкі і гэтак далей. У 2014 годзе з боку Беларусі ўзнікла прапанова адмяніць візы ўдзельнікам імпрэзаў чэмпіянату. За 5 хвілінаў вырашыў, што гэта суперпастанова ды адразу пастанавіў набыць квіткі сабе і сыну», – распавёў Кшыштаф Павідэл, працаўнік «Белсату».

Пра тое, што візавы рэжым – галоўная перашкода развіцця турызму, ужо даўно цвердзяць турыстычныя аператары, якія беспасярэдне працуюць з замежнікамі. Але ўрад Беларусі неахвотна рухаецца ў гэтым кірунку, праца ідзе фрагментамі – летась былі адмененыя візы для наведання Белавежскае пушчы. Днямі падпісалі аналагічны ўказ, якія дазваляе часовае перабыванне турыстаў у парку «Аўгустаўскі канал» і на сумежных тэрыторыях. Да канца года Савет Міністраў мае пастанавіць, ці зрабіць яшчэ адзін, больш істотны крок у бок даступнасці Беларусі.

«Бязвізавы рэжым ужо працуе для грамадзянаў Ізраіля, Катара, Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў і Кітая. Гэта невялікія фрагменты, на якіх адпрацоўваецца сістэма. Цяпер у Савеце міністраў ляжыць праект дакументу, дзе разглядаецца магчымасць адмены віз для грамадзянаў 80 краін, паспяховых з пункту гледжання міграцыйнай палітыкі. Я спадзяюся, на працягу некалькіх месяцаў гэты дакумент будзе падпісаны», – зазначыў Міхаіл Партны, намеснік міністра спорту і турызму.

Кропля смуроду ў гарнец мёду

Аднак тэрмін такога бязвізавага візіту будзе абмежаваны 5 днямі і будзе датычыць толькі тых, хто прыбыў у нашую краіну праз Нацыянальны аэрапорт. Такія захады ўраду маюць «палавінчаты» характар, зазначае Алесь Лагвінец, адзін з ініцыятараў поўнай адмены візаў грамадзянам краінаў Захаду. Два гады таму рух «За Свабоду» выслаў адпаведнаю прапанову ўраду, акурат зыходзячы з паспяховага досведу ЧС па хакеі. Прапанова засталася без адказу, зрэшты, у тое, што новую ініцыятыву Міністэрства спорту і турызму рэалізуюць хутка ды ў поўным аб’ёме, таксама не вельмі верыцца.

«Улады баяцца адкрываць краіну для заходнікаў, таму што гэта звязана з палітычным кантролем. Чым больш адкрытая будзе Беларусь, тым больш людзі будуць параўноўваць. І беларусы пачнуць задумвацца ці ў нас усе так як павінна быць», – мяркуе Алесь Лагвінец, намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

Гэтую асцярожнасць уладаў перадусім відаць у справе малога памежнага руху. Усе дакументы, якія датычаць адкрыцця, Беларусь і Польшча падпісалі амаль шэсць гадоў таму. Бракуе толькі аднаго подпісу – былога памежніка Лукашэнкі.

Вольга Саўле, «Белсат», фота – onliner.by

Стужка навінаў