У Батсване забілі амаль 90 сланоў. Валанцёры знайшлі тушы з вырванымі біўнямі


Раней Батсвана лічылася апошнім прытулкам для сланоў. Цяперашнія забойствы зоаабаронцы называюць найбуйнейшым браканьерскім інцыдэнтам у Афрыцы.

У гэтай паўднёваафрыканскай краіне была самая вялікая ў свеце папуляцыя сланоў – 130 тысяч асобінаў. Аднак праз раззбраенне дзяржаўных падраздзяленняў, якія змагаліся з браканьерамі, апошнія ўсё часцей палююць на сланоў.

Тушы з вырванымі біўнямі знайшлі валанцёры «Сланы без межаў» побач з абароненым прыродаахоўным запаведнікам, які прываблівае турыстаў з усяго свету. Паводле даследавання, сланоў забілі некалькі тыдняў таму. І калі падчас перапісу ў 2014 годзе выявілі дзевяць мёртвых сланоў, гэтым разам іх было амаль 90. Розніца каласальная, кажуць навукоўцы, а сёлетні аўдыт яшчэ не скончаны.

Сланам пагражае поўнае знікненне

Гэткая пагроза ўжо ёсць у Анголе, Замбіі, Намібіі. Сланы ўцякалі з гэтых краінаў у Батсвану, бо там было бяспечней.

Паводле Вялікага перапісу сланоў, трэць афрыканскіх сланоў забілі за апошняе 10-годдзе, 60 % сланоў Танзаніі загінулі ў апошнія пяць гадоў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў