У батальёне «Данбас» маюць запазычанні з беларускай рэальнасці. Гутарка «Белсату» з камбатам


Легендарны камандзір «Данбасу» Сямён Сяменчанка распавёў «Белсату» пра матывы беларусаў ісці на ўкраінскую вайну, магчымасць новага Майдану і выбары ў Вярхоўную Раду. Хоць выбары яшчэ не адбыліся, але мы ўжо ведаем, які законапраект вайсковы дзеяч запрапануе, калі яго абяруць у парламент.

З Сямёнам Сяменчанкам мы сустрэліся ў гатэлі МУС Украіны. Туды камандзір «збег» са шпіталю, як сам адзначыў. Праз арганізацыйныя справы батальёну ён не мае часу займацца выбарчай кампаніяй. Сяменчанка – другі па важнасці кандыдат у Вярхоўную Раду ад партыі «Самапоміч», якую ўзначальвае мэр Львову Андрэй Садовы. Агулам ад батальёну «Данбас» у парламент па партыйных спісах ідуць 7 асобаў. Навошта ісці ў палітыку ў часе вайны, і як дэпутацкае пасведчанне дапаможа «кібаргам» з данецкага аэрапорту?

Мы высветлілі, што ў батальёне ўзялі на ўзбраенне не толькі аўтаматы, але і практыкі з беларускага палітычнага жыцця. Як распавялі байцы, калі нехта з афіцэраў пачынаў адкрыта хлусіць, жаўнеры хлопалі яму ў знак пратэсту супраць маны. У часе нашай размовы ніхто не хлопаў.

Пра выбары

– Як вы плануеце ў будучыні сумяшчаць дэпутацтва ў Радзе і камандаванне батальёнам?

– А як сумяшчаюць паездкі на Багамы, бізнес і дэпутацтва?

– Але тады атрымліваецца, што гэта толькі фікцыя?

– Чаму? У нас ёсць празрыстае бачанне законаў, якія неабходна будзе прыняць, але мяне, вядома, больш цікавіць не законатворчая праца. У мяне вузкая спецыялізацыя – сфера бяспекі дзяржавы і войска. Мяне цікавяць паўнамоцтвы і доступ да інфармацыі, а таксама магчымасць праз дэпутацтва абараняць батальёны, забяспечыць сацыяльныя правы вайскоўцаў АТА. І трэба мяняць наяўную вайсковая сістэму. Шмат хто з вайскоўцаў гатовы рызыкаваць сваім жыццём дзеля абароны краіны, але дэматываваныя хібамі сістэмы. Ведаючы графік сесіяў парламенту, я думаю, мы будзем лепш працаваць, чым людзі, якія сумяшчаюць гэта з бізнесам.

– Ваш першы законапраект?

– Аб добраахвотніках. Гэты законапраект дазволіць даць статус, сацыяльныя ільготы сем’ям загінулых добраахвотнікаў, людзям, якія былі параненыя, да прыкладу, з «Правага сектару» і іншых добраахвотных батальёнаў, якія проста выйшлі са зброяй у руках, як партызаны. Такіх людзей вельмі шмат. Напрыклад, цяпер аэрапорт у Данецку абараняюць байцы «Правага сектару», яны не аформленыя. А гэты закон дазволіць дзяржаве заднім чыслом узяць на сябе абавязкі перад гэтымі людзьмі.

– Атрымліваецца, будзе такая Рада палявых камандзіраў?

– Зусім не. У Вярхоўнай Радзе 450 дэпутатаў, а камандзіраў найбольш будзе 10 асобаў.

Пра добраахвотніцкія батальёны

– У адным з апошніх інтэрвю вы сказалі, што цяпер на Данбасе вы ваюеце не супраць сепаратыстаў, а супраць расейскіх войскаў. У гэтай сітуацыі добраахвотніцкія батальёны наагул патрэбныя?

– Дзяржаве – не. Для дзяржавы гэта фактар дэстабілізацыі, бо стабільнасць мы разумеем па-рознаму.

– Каму патрэбныя тады?

– Народу. Што такое добраахвотніцкі батальён? Гэта вельмі баяздольная частка. Напрыклад, батальёны «Айдар» і «Данбас» ваявалі дастаткова паспяхова. Як штурмавыя батальёны мы непасрэдна бралі Лісічанск, бралі Ілавайск, бралі Мікалаеўку, узялі ўдзел у баях у Арцёмаўску, Дзяржынску, працавалі пад Залатым… То бок, у нас дастаткова добры паслужны спіс, якому можа пазайздросціць любая вайсковая частка таго ж спецназу. Да гэтага мы фактычна вызвалілі ад сепаратыстаў 4 раёны Данецкай вобласці, дзе да гэтага часу няма ніводнага сцягу ДНР. Гэта было яшчэ ў красавіку. У траўні мы ўдзельнічалі ў Марыупалі ў антытэрарыстычнай аперацыі. Але зараз мы бачым, што добраахвотныя часткі дзяржаве не патрэбныя, іх будуць замяняць рэгулярнымі войскамі. Мы гатовыя пры неабходнасці ісці ў войска, але для гэтага мусяць быць такія ўмовы, каб мы не страцілі свой патэнцыял.

Пра трэці Майдан

– Ці шмат беларусаў у вас у батальёне?

– 7 чалавек было.

– А цяпер?

– Цяпер 2 чалавекі, рэшта чакае пакуль будзе збірацца батальён непасрэдна для баявых дзеянняў.

– Матывацыя беларусаў адрознівалася ад матывацыі ўкраінскіх байцоў?

– Так, бо ўкраінцы ішлі абараняць сваю дзяржаву, а яны – чужую. Напэўна, яны адчувалі роднасць інтарэсаў, роднасць мэтаў.

– А ўсяго пад вашым камандаваннем колькі асобаў?

– У шэрагу – 450 чалавек, 110 чалавек параненых, частка з іх ўдома або ў лякарні. Частка людзей на ратацыі. Частка ў лагеры ў Днепрапятроўскай вобласці, але яны не ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, іх не афармляюць. Яны праходзяць трэнінг, сядзяць у лагеры, шмат хто з іх захварэў, бо вельмі холадна ў намётах.

– Не афармляюць, бо баяцца Сямёна Сяменчанку?

– Я не магу зразумець, чаго яны баяцца. Напэўна, выкарыстоўваюць сітуацыю, што нашыя палонныя і батальён трапілі ў «Ілавайскі кацёл», каб усю справу закрыць, каб людзі разышліся самі. Прынамсі, я назіраю незразумелае тармажэнне ў аднаўленні баяздольнасці батальёну. Не далі цяжкую тэхніку, якую абяцалі, хаця гатовыя экіпажы. Не далі ні БТРаў, ні танкаў, мы да гэтага часу не атрымалі ўзнагароды, якія належаць нашым жаўнерам і афіцэрам. Не выкупленыя ваеннапалонныя. Зараз ідзе праверка, куды мы дзелі зброю, хаця зразумела, куды мы яе дзелі, калі ў «кацёл» трапіў батальён, калі забітыя ротныя, узводныя, мае намеснікі. Вядома, калі б мы былі зараз на Данбасе, мы не глядзелі б так на ўсе гэтыя замірэнні.

– А можа быць, вас баяцца праз тое, што будзе трэці Майдан?

– Разумееце, трэці Майдан як нейкая арганізаваная сіла – не патрэбны. Майдан ствараецца стыхійна. Да першага Майдану, зразумела, рыхтаваліся некалькі гадоў, як цяпер высвятляецца. Другі Майдан адбыўся абсалютна стыхійна. Трэці Майдан, я баюся, будзе вайсковы, але, шчыра кажучы, не хацелася б эксперыментаў над дзяржаваю. Хацелася б, каб змены ішлі эвалюцыйным шляхам, бо можа быць абсалютна не прагназаваны вынік.

Пра пераміре

Пераміре, яно наагул працуе?

– Яно не працуе. Баевікі заявілі, што за час перамір‘я яны захапілі 38 населеныя пункты. Я не ведаю, праўда гэта ці не, але тое, што кожны дзень гінуць людзі, – гэта 100 %. І пад данецкім аэрапортам, і пад Дэбальцавам, і пад Шчасцем – гэта ў Луганскай вобласці.

Высокі ўзровень нянавісці да ўкраінскага войска ў Данецку, на тэрыторыях, якія пад ДНР?

– У нас ёсць людзі, якія выбіраліся з-пад Ілавайску, з акружэння, і распавядалі, як яны параненыя адседжваліся ў 9-павярховым доме, на тэрыторыі, занятай баевікамі, жылі там 2 тыдні, пасля выйшлі. Яны казалі, што там шмат людзей успрымае сябе як мясцовых, а на баевікоў кажуць, што яны чужыя, з ДНР. То бок, нават на захопленых тэрыторыях не ўсё так проста. Не магу сказаць, што большасць там моцна падтрымлівае сепаратыстаў. Нянавісць… Так, яна ёсць у тых людзей, якія вераць таму, што паказваюць па тэлевізары. Але я не разумею чаму.

– А калі параўноўваць узровень антыўкраінскіх настрояў вясной і зараз? Гэты ўзровень, ён зменшыўся, ці вырас?

– Я думаю, зменшыўся. Людзі бачаць рэальны твар вайны і стаміліся, з абодвух бакоў.

Пра тое, каб называць рэчы сваймі імёнамі

– На Данбасе ідзе вайна, але афіцыйна гэта называюць антытэрарыстычнай аперацыяй. Гэта перашкаджае?

– Вядома, гэта перашкаджае мабілізаваць грамадства, бо ў Кіеве людзі нават не адчуваюць вайны. Яшчэ адна справа, напрыклад, палонныя, якія не маюць статусу палонных, бо ў нас няма вайны.

– А чаму нельга назваць рэчы сваймі імёнамі?

– Я думаю, што гэта камусьці выгадна: Пуціну, ураду Украіны… Перадусім у гэтым ёсць эканамічныя і палітычныя выгады. Калі б не было некаму на карысць, АТА даўно называлі б вайною.

– Украіна гатовая да «вялікай вайны»?

– Цяпер не.

Гутарыў Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Стужка навінаў