У Барысаве затрымалі кішэнніцу-рэцыдывістку (Відэа)


Пенсіянерка звярнулася ў Барысаўскае РУУС і распавяла, што яе абрабавалі. Праз дзень праваахоўнікі затрымалі злачынцу, паведамляе прэс-служба УУС Менаблвыканкаму.

У пенсіянеркі скралі гаманец з 30 рублямі. Жанчына распавяла, што зайшла ў краму, каб набыць прадукты. Побач з камерамі захоўвання бабуля на вачах у іншых людзей паклала рэшту ў гаманец і кінула яго ў пакет.

За дзеяннямі пенсіянеркі назірала і 42-гадовая мясцовая жыхарка. Як выявілася, не проста так: яна пабачыла ў жанчыне сталага веку ахвяру. І калі апошняя выйшла на вуліцу, накіравалася за ёй.

Недалёка ад крамы зламысніца наблізілася да пацярпелай і не незаўважана надрэзала пакет і выцягнула гаманец.

«Падчас вывучэння запісаў з камераў відэаназірання і правядзення адпаведных аператыўна-вышукавых мерапрыемстваў удалося ўсталяваць асобу зламысніцы. Ужо праз дзень яе затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту. Вядома, што падазраваная зʼяўляецца прафесійнай кішэнніцай, за што яе судзілі», – адзначыў начальнік аператыўна-пошукавага аддзелу УУС Менаблвыканкаму Уладзімір Рошчын.

Супраць падазраванай распачалі крымінальную праву паводле ч.1 арт.205 Крымінальнага кодэксу («Крадзеж»). Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 3 гадоў.

Паводле міліцыі, напярэдадні рэлігійных святаў злачынцы актывізуюцца і могуць здзяйсняць крадзяжы нават у святых месцах.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў