У Барысаве адбыўся пікет з патрабаваннем адстаўкі Андрэя Раўкова. Удзельнікаў затрымалі (абноўлена)


Міліцыянты затрымалі праваабаронцу Алега Мацкевіча і актывіста Алеся Абрамовіча, якія выйшлі сёння на пікет у Барысаве, каб патрабаваць адстаўкі міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова і справядлівага расследавання смерці жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча.

Пікет распачаўся а 12-й ў Барысаве каля будынку Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання (пр. Рэвалюцыі, 44) і доўжыўся прыкладна 15 хвілін, пасля чаго пікетоўцаў затрымалі.

Акрамя Алега Мацкевіча і Алеся Абрамовіча міліцыянты затрымалі фотажурналіста сайта ex-Press.by Паўла Сляпухіна і галоўнага рэдактара «Барысаўскіх навін» Анатоля Букаса.

Усіх затрыманых даставілі ў Барысаўскі РАУС. Праз некаторы час Паўла Сляпухіна і Анатоля Букаса адпусцілі без складання пратаколу, але ўсе фотаздымкі з пікету міліцыя прымусіла знішчыць паведамляе ex-Press.by.

Алег Мацкевіч і Алесь Абрамовіч па-ранейшаму знаходзіцца ў будынку РАУС, на іх складзены пратаколы адміністратыўнага правапарушэння. Верагодна, што да суда іх змесцяць у ізалятар часовага ўтрымання, паведамляе праваабарончы партал spring96.org.

Кажуць, што ў чалавека заўсёды ёсьць выбар. Сёньня ў мяне яго няма. Я пайшоў

Opublikowany przez Aleha Mackievič Poniedziałek, 30 października 2017

Алег Мацкевіч падаваў заяўку на правядзенне пікету ў райвыканкам, але ўлады адмовілі яму ў правядзенні акцыі.

21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да 2 афіцэраў. На дадзены момант у ліку падазраваных па справе Коржыча – 7 малодшых камандзіраў (сяржанты), старшыня роты і 2 афіцэры.

Анлайн-петыцыя з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова яшчэ на мінулым тыдні сабрала больш за 10 тыс. подпісаў, але пасля скаргаў Мінабароны была заблакаваная. Збор подпісаў распачалі таксама апазіцыйныя актывісты на вуліцах Менску.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў