У Барысаўскім раёне забілі ігуменню праваслаўнага манастыра. У следства ёсць падазраваны


Ігуменню Cвята-Ксеніеўскага жаночага манастыра матухну Васілісу магла забіць адная з кабет, якая прыходзіла дапамагаць у бажніцу. 

Падазраваная ў забойстве ігуменні манастыра ў Барысаўскім раёне затрыманая. Пра гэта belta.by паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Менскай вобласці Таццяна Беланог.

«Цяпер з удзельнікамі трагічнай падзеі працуюць следчыя. У межах крымінальнай справы, заведзенай па артыкуле «Забойства», затрымалі падазраваную, у дачыненні да якой прызначаная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза», – заявіла прадстаўніца Следчага камітэту.

Між тым, як паведаміла belapan.by кіраўніца паломніцкай службы Cвята-Ксеніеўскага манастыра Наталля Закрэўская, напалі на матухну Васілісу позна ўвечары 4-га або ўначы 5 студзеня. Ігуменню з нажавымі раненнямі даставілі ў больніцу, але выратаваць яе не ўдалося.

Паводле mlyn.by, злачынства здзейснілі 5 студзеня прыблізна а 21:00.

Закрэўская паведаміла, што развітанне з памерлай адбудзецца 8 студзеня. Манастыр чакае ўсіх ахвотных памаліцца за матухну Васілісу або дапамагчы падрыхтавацца да развітання з ёю, дадала кіраўніца паломніцкай службы.

Ігумення Васіліса [Мядзведзь. – kseniamonastyr.by] нарадзілася 10 сакавіка 1949 года ў мястэчку Сосніца Чарнігаўскай вобласці (Украіна). Скончыла гістарычны факультэт Чарнігаўскага педагагічнага інстытуту. Выкладала ў школе. Была прыхаджанкаю Петра-Паўлаўскага сабору ў Менску, затым, пасля ўтварэння Елізавецінскага сястрынства пры саборы, зрабілася сястрою міласэрнасці. У 2001 годзе служыла паслушніцаю Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра каля Менску, потым прыняла пострыг. З 2004 года з добраславення мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі – ігумення Свята-Ксеніеўскага жаночага манастыра ў вёсцы Барань Барысаўскага раёну.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.by

Стужка навінаў