У Барсэлоне арыштавалі памочніка каталонскага віцэ-прэзідэнта і больш за дзясятак чыноўнікаў


Каталонскіх урадоўцаў затрымалі на фоне намераў рэгіёну правесці рэферэндум аб незалежнасці, які запланаваны на 1 кастрычніка. Каталонскія міністры ў сувязі з затрыманнямі правядуць экстраннае пасяджэнне. На вуліцы горада выйшлі тысячы жыхароў Барсэлоны.

Рашэнне аб правядзенні рэферэндуму ўлады Каталоніі прынялі ў аднабаковым парадку пасля шэрагу няўдалых спроб дамовіцца аб арганізацыі галасавання з цэнтральным урадам у Мадрыдзе.

Паліцыя і судовыя органы не даюць ніякіх падрабязнасцяў аб аперацыі, заявіўшы, што суддзя наклаў на яе рэжым сакрэтнасці.

Віцэ-прэзідэнт Каталоніі Арыёльд Хункерас сказаў у эфіры радыё RAC-1, што цэнтральны ўрад Іспаніі «атакуе ўсе інстытуты рэгіёну, а значыць і ўсіх грамадзянаў Каталоніі».

Рэйды прайшлі на наступны дзень пасля таго, як Грамадзянская гвардыя канфіскавала больш за 1,5 мільёна брашур і плакатаў на падтрыманне незалежнасці рэгіёна.

Напрыканцы мінулага тыдня мэры больш за 700 гарадоў Каталоніі выйшлі на марш у Барсэлоне з патрабаваннем дазволіць правядзенне рэферэндуму аб самавызначэнні.

Як паведамляе AFP, Іспанія ўзяла на сябе кантроль над фінансамі Каталоніі, каб перадухіліць выкарыстанне сродкаў для рэферэндуму аб адзяленні, які яна лічыць незаконным. Дарэчы, Мадрыд не ўпершыню забараняе каталонцам у яго правядзенні.

Рэгіёны Іспаніі плацяць падаткі цэнтральнаму ўраду, а затым атрымліваюць квоту на ахову здароўя, адукацыю і грамадскую інфраструктуру. Каталонія, дзе жывуць каля 7,5 млн чалавек, атрымлівае ад Мадрыда каля 1,5 млрд еўра ў месяц для пакрыцця асноўных паслугаў.

Каталонія ў розны час раней спрабавала абвясціць (аднавіць) сваю незалежнасць ад Іспаніі і да цяперашняга часу дамаглася аўтаноміі, афіцыйнага статусу каталонскага мовы і прызнання каталонцаў нацыяй, асобнай ад іспанцаў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў