У Баранавіцкім раёне праз укусы сабакі цяжарнай жанчыне ампутавалі абедзве рукі


Інцыдэнт здарыўся 29 красавіка ў вёсцы Дзераўная. Сабака байцоўскай пароды накінуўся на 33-гадовую жанчыну, якая знаходзіцца на пятым месяцы цяжарнасці. Пітбуль пакусаў яе за рукі.

«Дзяўчына выпусціла сабаку пагуляць, а калі заганяла дадому, пляснула яго тапкам, каб той хутчэй ішоў. Сабака схапіў дзяўчыну за руку, паваліў на зямлю каля хаты і пачаў ірваць. Калі жывёла практычна адгрызла адну руку, дзяўчына страціла прытомнасць. У гэты момант тое, што адбываецца, заўважылі суседзі. Яны адагналі сабаку і выклікалі хуткую дапамогу», – распавёў участковы Intex-press.

Паводле інспектара, жанчына ўдома была адна, а сужыцель, якому належыць сабака, на працы.

Брыгада хуткай дапамогі шпіталізавала пацярпелую ў Баранавіцкі цэнтральны шпіталь, аднак медыкам прыйшлося ампутаваць жанчыне абедзве канечнасці. Паводле дактароў, стан цяжарнай жанчыны пасля аперацыі сярэдняй цяжкасці, аднак яна знаходзіцца ў шоку. Дзіця яна не страціла.

У шпіталі жанчына прызналася, што напярэдадні здарэння «выпіла каля 400 грамаў віна».

Праваахоўнікі пачалі праверку абставінаў здарэння. Пітбуль пакуль застаецца ўдома. Сабаку зрабілі аналізы на шаленства і праз 10 дзён плануюць усыпіць.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў