У Бангкоку на бадзяжных сабак апрануць «разумныя камізэлькі» і яны змогуць патруляваць горад


Фота REUTERS/Juarawee Kittisilpa

Чатырохногім даверылі ахоўваць вуліцы тайскай сталіцы. Адно з мясцовых рэкламных агенцтваў распрацавала «разумныя камізэлькі», якія могуць ператварыць бадзяжных сабак у вартаўнікоў парадку.

Спецыяльныя камізэлькі абсталяваныя сэнсарамі і датчыкамі, якія рэагуюць на брэх. Калі сабаку нешта ўстрывожыць, уключыцца камера, схаваная ў спецвопратцы. Так з дапамогай тэлефона і мабільнага прыкладання паліцэйскі можа пабачыць тое, што бачыць жывёліна.

Аўтары праекту лічаць, што сабачы патруль дапаможа самім жывёлінам, якіх вельмі шмат на вуліцах тайскіх гарадоў, так і людзям, знізіўшы вулічную злачыннасць.

Мясцовыя актывісты з фонду Soi Dog, якія займаюцца ратаваннем бадзяжных сабак, віталі ініцыятыву. Праект пачаўся ў сакавіку сёлета, і каля пяці месяцаў сышло на тое, каб яго матэрыялізаваць. Распрацоўнікі кажуць, што для ўвядзення пробных патрулёў у розных гарадах патрэбныя яшчэ кантрольныя тэсты.

ДР belsat.eu паводле reuters

Глядзі таксама
Каментары