У Бабруйску судзяць за хабар экс-старшыню гарадскога выканкаму


Сёння ў Бабруйскім раённым судзе адбываецца паседжанне па справе былога старшыні мясцовага выканкаму Андрэя Каваленкі. Яго судзяць за атрыманне хабару ў буйным памеры (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу РБ).

Беларускае заканадаўства прадугледжвае за гэта пакаранне ў выглядзе ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць у будучыні пэўныя пасады.

Справай Каваленкі займалася галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэту.

Паводле абвінавачвання, Каваленка атрымліваў ад прадстаўнікоў субектаў гаспадарання і іншых грамадзян Беларусі буйныя сумы грошай, у тым ліку, у замежнай валюце як хабар за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзілі ў ягоную кампетэнцыю.

Агулам следства выявіла 10 эпізодаў дачы хабару, па 4 з іх Каваленка не прызнаў віну. Таксама па гэтай справе ў статусе абвінавачаных праходзяць уладальнікі кавярні «Апшэрон» – Эльшат і Артур Ахундавы, якія прызналі віну цалкам.

Былы старшыня Бабруйскага выканкаму быў затрыманы ў лістападзе 2016 году супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС і абласнога КДБ і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

КА,belsat.eu

Стужка навінаў