У Бабруйску ствараюць парк савецкай скульптуры


Сабраць у адным месцы савецкую спадчыну гораду вырашыла бабруйскае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Цеплаэнергетыка».

Ідэя парку савецкай скульптуры належыць дырэктару «Цеплаэнергетыкі» Уладзіміру Аўдзевічу. Як распавёў ягоны намеснік па ідэалагічнай працы Якаў Логінаў, спадар Аўдзевіч даўно жыве думкай стварыць падобнае месца захавання савецкай спадчыны. Пачалося ўсё гэта каля трох гадоў таму, калі прадпрыемства прыняло да сябе шэраг скульптур з бабруйскага дзіцячага парку, якому яны сталіся непатрэбнымі. Тады дырэктар «Цеплаэнергетыкі» вырашыў іх захаваць для будучыні. Цяпер кіраўнік наважыўся іх аднавіць і паказаць жыхарам гораду ды яго гасцям.

Цяпер у двары «Цеплаэнергетыкі» стаяць чатыры скульптуры савецкага часу – дзве фігуры піянераў, адна – працаўніка, і адна – Леніна. Тры з іх – піянеры і Ленін – адноўленыя і нанова пафарбаваныя. Як распавёў працаўнік прадпрыемства, дапамагалі аднаўляць скульптуры навучэнцы бабруйскага мастацкага каледжу №15. «Працаўнік» пакуль схаваны ад людскіх вачэй і яшчэ чакае рэстаўрацыі. Праўда, і пра астатнія фігуры нельга сказаць, што іх могуць пабачыць усе ахвотныя – унутраны дворык прадпрыемства – тэрыторыя зачыненая для наведнікаў. Пабачыць скульптуры можна будзе, калі іх перанясуць на адкрытую пляцоўку парку.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

«Нашага Дзяржынскага не аддамо»

Паводле намесніка дырэктара, у хуткім часе «Цеплаэнергетыцы» мусяць перадаць яшчэ шэсць скульптур. У асноўным – з ліквідаванага дзіцячага летніку «Арлёнак». Спадар Логінаў падкрэслівае, што насамрэч шмат якія прадпрыемствы, дзе яшчэ засталася савецкая спадчына, гатовыя як мага хутчэй аддаць скульптуры – даглядаць іх няма ні сродкаў, ні жадання. Што праўда, ёсць і выключэнні. Супрацоўнікі бабруйскай швейнай фабрыкі «Славянка» (раней імя Фелікса Дзяржынскага) заяўляюць, што нікому не аддадуць «свайго» Дзяржынскага, што стаіць на тэрыторыі прадпрыемства, і куды прыязджае КДБ ускладаць кветкі.

Адкрыццё парку зацягвае бюракратыя

На іншыя прадпрыемствы ды летнікі, здавалася б, прыязджай ды забірай. Але і тут усё зацягвае бюракратыя – перадачу скульптур трэба ўзгадняць з уладамі – аж да Магілёўскага аблвыканкаму. Спадар Логінаў выказаў надзею, што ў найбліжэйшы час усе ўзгадненні будуць у яго на руках, і пачнецца ўсталяванне скульптур на абранай для парку пляцоўцы.

Намеснік дырэктара, як і сам дырэктар ды іншыя працаўнікі прадпрыемства ўпэўненыя, што парк будзе карыстацца папулярнасцю ў гараджанаў і асабліва ў турыстаў.

Кіраўніцтва «Цеплаэнергетыкі» сцвярджае, што ўвесь калектыў падтрымаў ідэю парку. Нехта, праўда, ставіцца з гумарам, а нехта цешыцца, што будзе захаваная памяць ягонага дзяцінства.

Ніякага фінансавання на стварэнне парку не прадугледжана. Намеснік дырэктара падкрэслівае, што «Цеплаэнергетыцы» гэтая ініцыятыва не нясе ніякай карысці, і што робіцца гэта не для прадпрыемства, а для гораду.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

«Так, сітуацыя цяпер цяжкая, і не толькі ў нас, а на ўсіх прадпрыемствах. Дык і што ў такім выпадку – сесці і нічога не рабіць? – задае пытанне спадар Логінаў. – А выдаткі на гэтыя скульптуры зусім нязначныя. І потым, заўсёды можна знайсці працаўнікоў, што дапамогуць, ці пару адзінак тэхнікі».

Эксперт: Ідэю парку трэба пашырыць на ўсю краіну

Старшыня магілёўскай суполкі Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Уладзімір Краўчанка падтрымлівае бабруйскую ідэю. Адмысловец лічыць, што гэта самае лепшае, што можна зрабіць з савецкай спадчынай – прыбраць з гарадскіх вуліц ды сабраць у адным месцы, аб’яднаць у нейкую тэматычную экспазіцыю.

«Упэўнены, што гэта будзе цікава турыстам, асабліва наступных пакаленняў – паглядзець на тое, што было зроблена рукамі людзей іншай эпохі, – кажа спадар Уладзімір. – Наконт таго, што адлюстроўваюць гэтыя помнікі, судзіць будуць наступныя пакаленні. І мы мусім даць ім такое права. Хоць прасцей, канешне, усё знішчыць, зруйнаваць, ды раскалоць грамадства».

Эксперт па гістарычнай спадчыне дадае, што найлепшым выйсцем было б, калі б ініцыятыва стварэння савецкага тэматычнага парку набыла агульнарэспубліканскі маштаб.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Бабруйцы: Наўрад ці турыстам парк будзе цікавы

Меркаванні ж саміх бабруйцаў наконт парку разыходзяцца – нехта падтрымлівае, нехта ставіцца скептычна.

«Гэта памяць, і якой бы яна ні была, яе трэба захоўваць. Кажаце, не лепшая памяць? Але чаму тады нашыя бацькі, бабулі ды дзядулі з такой пяшчотай узгадваюць той час?» – пытаецца жыхарка Бабруйску.

«Нічога не маю супраць, няхай той, у каго душа за гэта баліць, гэтым і займаецца. Але ж наўрад ці гэты парк прыцягне ў горад турыстаў. Ну, бо Бабруйск і ў савецкія часы ніколі не быў лідарам па гэтых скульптурах, ёсць шмат месцаў, дзе помнікі цікавейшыя», – кажа мінак.

«Я думаю, што не вельмі і патрэбны такі парк. Лепш бы задумаліся пра помнікі тым жа пісьменнікам. Іх у нас вельмі мала, іх трэба ствараць. Ці пра аднаўленне нашых цэркваў», – падзялілася меркаваннем маладая дзяўчына, што жыве ў Бабруйску.

Марта Нікіціна, belsat.eu

Стужка навінаў