У Бабруйску «карусельшчыкаў» вазілі па ўчастках на машыне раённай адміністрацыі. Чыноўніца: «Гэта лухта!»


Вядомы блогер Алег Жалноў і актывіст Алесь Сапега, які сам балатаваўся ў гарадскі савет дэпутатаў, выкрылі схему выбарчай «каруселі» у Бабруйску. Але калі яны запатрабавалі тлумачэнняў ад старшыні камісіі – тая звярнулася да міліцыянтаў.

«Я балатаваўся па 38-й акрузе ў Бабруйску. Учора прыблізна а 18-й вечара я пад’ехаў да ўчастку №62, што месціцца ў 22-й школе. Ля будынку заўважыў «Жыгулі» з надпісам «сацыяльная служба». Адтуль выйшлі чатыры асобы і зайшлі на ўчастак, каб прагаласаваць», – распавёў belsat.eu Алесь Сапега.

Актывіст вырашыў паназіраць, ці не паедуць яны пасля галасавання на іншы ўчастак, і прасачыў за машынай.

«І яны сапраўды павярнулі на ўчастак №77 па вуліцы Ульянаўскай. Машына прыпаркавалася метраў за 400 ад участку, пасажыры пайшлі да школы групкамі па дзве асобы. Пакуль першыя два чалавекі зайшлі на ўчастак – астатнія чакалі, пасля наадварот. Гэта было вельмі падобна да «каруселі», – кажа Сапега.

Паводле словаў актывіста, пакуль патэнцыйныя «карусельшчыкі» галасавалі, ён разам з блогерам Алегам Жалновым, падышлі да кіроўцы машыны. Той прызнаўся, што не ведае людзей, якіх падвозіў.

«Я забраў чатырох жанчын каля школы ў Чарапічным раёне гораду, пасля павёз іх у 22-ю школу, цяпер сюды», – сказаў кіроўца.

Высветлілася, што ён працуе ў адміністрацыі Першамайскага раёну Бабруйска і там яго «папрасілі» вазіць гэтых жанчын па выбарчых участках. Алег Жалноў здымаў размову з кіроўцам на відэа і апублікаваў запіс на сваім канале ў YouTube (ад 1:30).

Карэспандэнтка belsat.eu звязалася з намесніцай старшыні адміністрацыі Першамайскага раёну Валянцінай Ліхачовай і запытала, як атрымалася, што іх кіроўца вазіў адных і тых жа людзей па розных выбарчых участках.

«Не бачу нічога кепскага ў тым, што на машыне сацыяльнай службы ездзяць людзі. Увогуле мы такім чынам дапамагаем пажылым! Вы кажаце нейкую лухту, фактаў парушэння выбарчага заканадаўства ў нас не было. Гэта вашая інтэрпрэтацыя, а не факты. Не задавайце дзіўных пытанняў, шаноўная! А калі маеце факты – звяртайцеся да праваахоўных органаў!», – адказала Ліхачова.

Алесь Сапега адзначае, што не звярнуў бы ўвагу на «Жыгулі» сацыяльнай службы, калі б падзеі адбываліся не ў дзень выбараў. Паводле яго кампанія «карусельшчыкаў» паехала далей, на ўчастак №76. Сапега і Жалноў паехалі следам. Калі «карусельшчыкі» прагаласавалі і пакінулі школу, актывісты запатрабавалі ў старшыні выбарчай камісіі Жанны Долгай тлумачэнняў.

«Мы сказалі ёй пра карусель, але жанчына пачала казаць, што адзіная вядомая ёй карусель – гэта садова-паркавая канструкцыя.

Каб адцягнуць увагу ад спрэчкі, старшыня камісіі заявіла, што пазбаўляе акрэдытацыі назіральніцу ад незалежнага прафсаюзу РЭП Галіну Смірнову, хаця Смірнова абсалютна не мела дачынення да нашай размовы, проста знаходзілася побач. Долгая выклікала міліцыянтаў, тыя прыехалі ў цывільнай вопратцы і пачалі нешта здымаць на свае камеры. Мне трэба было паспець на свой участак і я сышоў», – распавёў фінал гісторыі Алесь Сапега.

Выпадак у Бабруйску – далёка не першы, схемы «каруселі» падчас галасавання на сёлетніх выбарах у мясцовыя саветы фіксаваліся па ўсёй Беларусі. Самым гучным стаўся «скандал 000-179» – выбарца прагаласаваў на розных участках, паказаўшы ўпісаны ў пашпарт код, які даведаўся ад удзельніцы фальсіфікацыі.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў