У Бабруйску асудзілі хлопцаў, якія танчылі стрыптыз на капоце міліцэйскага аўта


Зайшлі пʼяныя ў фае ўпраўлення ўнутраных справаў, пасля зладзілі стрыптыз на службовай аўтастаянцы.

У ноч на 20 верасня мінулага года пʼяныя сябры гулялі па Бабруйску і зайшлі ў фае УУС Бабруйскага гарвыканкаму. Міліцыянт папрасіў іх выйсці на вуліцу. Тыя паслухаліся, але адышлі недалёка – спыніліся на службовай аўтастаянцы. Маладзёны падышлі да прыпаркаванага міліцэйскага УАЗіка, пасля чаго адзін з іх – 18-гадовы хлопец – залез на капот, а другі – яго 22-гадовы сябар – засняў сцэну на камеру тэлефона. Пасля гэтага хлопцы памяняліся ролямі.

Другі «танцор» і ўвогуле вырашыў сфатаграфавацца… голым. Калі яго затрымлівалі, ён ледзь паспеў апрануць шорты. Потым гаварыў, што шорты самі ўпалі, бо парвалася гумка. Але «фотасесію» зафіксавалі камеры відэаназірання.

Суд прызнаў сяброў вінаватымі ў хуліганстве. Пры вынясенні выраку ўлічылі і тое, што старэйшы з іх тры месяцы таму быў асуджаны за махлярства, тады яму прысудзілі год пазбаўлення волі з умоўным невыкананнем пакарання тэрмінам на год. Цяпер жа ён 2,5 гады правядзе ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прыяцель атрымаў 2,5 гады абмежавання волі.

НМ, belsat.eu, паводле «Коммерческий курьер»

Стужка навінаў