У Азербайджане беларускага дальнабойніка падазраюць у кантрабандзе вялікай партыі гераіну


39-гадовага Аляксандра Кузьміна яшчэ ў красавіку затрымалі азербайджанскія мытнікі. Цяпер пра ягоную гісторыю распавяла сястра Інна.

Мужчына працаваў кіроўцам-экспедытарам міжнародных перавозак у транспартнай кампаніі ТАА «Крэйс-Усход» з галаўным офісам у Прыбалтыцы. У красавіку ён атрымаў у Іране заданне – даставіць у Бельгію груз разынак вагой у 20 тон. Яго перагрузілі ў машыну беларуса ў мытным тэрмінале Ірану пад наглядам іранскіх мытнікаў з іранскага транспартнага сродку.

Паводле канвенцыі аб міжнароднай дарожнай перавозцы грузаў, перавозчык абавязаны праверыць толькі дакладнасць запісаў, зробленых у накладной наконт колькасці грузавых месцаў, іх маркіроўкі і нумароў, а таксама вонкавы выгляд грузу і яго ўпакоўкі. Груз быў запакаваны ў кардонныя скрынкі, абматаныя поліэтыленавай плёнкай. Аляксандр праверыў дзве выпадковыя скрыні – у іх былі разынкі.

Іранскія мытнікі з сабакамі праверылі груз, нічога падазронага не знайшлі і далі дазвол на адпраўку. Аднак на наступным мытным пропуску, у кіламетры ад папярэдняга на мяжы з Азербайджанам, чарговая праверка выявіла, што разам з разынкамі беларус перавозіў 506 кг гераіну.

Кіроўцу арыштавалі, цяпер ён знаходзіцца ў бакінскім СІЗА. Вядзецца следства. Сястра Кузьміна сцвярджае, што брат стаў стрэлачнікам, на якога хочуць павесіць чужое злачынства. За справай сочаць у беларускай амбасадзе. Жанчыне паабяцалі зрабіць «усё» для абароны правоў свайго грамадзяніна.

ДР belsat.eu паводле belaruspartisan.org, onliner.by

Стужка навінаў