У Асіповічах мужчына скокнуў з вакна, пакінуўшы цыдулку: «Я не быў дармаедам»


60-гадовы Айвар Яскевіч у кастрычніку заплаціў 360 рублёў падатку за «дармаедства». 6 снежня ён выкінуўся з 5 паверху.

На стале ён пакінуў квітанцыю пра аплату «дармаедскага падатку» і ліст, у якім было напісана «Я ніколі не быў дармаедам, гвалтаўніком, рабаўніком, я ўсё жыццё сумленна працаваў».

У мужчыны было 34 гады працоўнага стажу. На момант трагедыі ён быў пенсіянерам. Незадоўга да пенсіі (у траўні 2014-га) ён звольніўся з кардонна-руберойдавага заводу, дзе адпрацаваў 30 гадоў. Тады яму заставаўся год да пенсіі і, паводле ягонай жонкі Галіны Яскевіч, спадара Айвара не хацелі нідзе працаўладкоўваць.

У красавіку 2016 года Яскевічу споўнілася 60 гадоў, а ўвосень ён атрымаў паведамленне з падатковай, што дзяржава прызнала яго дармаедам.

Жонка Яскевіча кажа, што ў апошнія месяцы ў мужа была глыбокая дэпрэсія, але пра такую трагедыю яна не магла нават падумаць.

«Я двойчы ўжо ў падатковую хадзіла. Думала, можа грошы гэтыя вернуць, 360 рублёў. Яны скапіявалі гэтыя дакументы, але – нічога. Нідзе праўды не дабіцца. Кажуць, такі закон», – распавяла жанчына «Свабодзе».

Сёння Следчы камітэт афіцыйна заявіў, што самагубства Айвара Яскевіча не звязанае з фактам аплаты збору на «дармаедства». Следчыя адмовіліся распачынаць крымінальную справу, бо «ніякіх фактаў, якія маглі б спрыяць давядзенню да самагубства, выяўлена не было».

Падобная гісторыя з трагічным канцом здарылася ў Рагачове

Патрабаванне заплаціць падатак стала апошняй кропляю для жыхаркі гэтага раённага гораду, якая два гады таму страціла працу. Што праўда, СК таксама адмовіўся прызнаваць тое, што жанчына павесілася праз «ліст шчасця».

Чытайце таксама >>>

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары