У Арменіі заўтра можа змяніцца дзяржаўны строй

video

Ад пачатку тыдня ў Ерэване трывае масавы пратэст супраць рэферэндуму па змене канстытуцыі, які стаў пратэстам супраць улады. Мала хто ў Арменіі сумняецца, што плебісцыт у нядзелю будзе сфальсіфікаваны, а Серж Саркісян рыхтуе сабе пажыццёвую пасаду прэм’ер-міністра.

6 снежня ў Арменіі адбудзецца рэферэндум у справе зменаў у канстытуцыі, якія маюць на мэце абмежаваць кампетэнцыі прэзідэнта пры пашырэнні паўнамоцтваў прэм’ера і парламенту. Згодна са зменамі, пасада прэзідэнта стане дэкаратыўнай: ён будзе выбірацца не ў агульных выбарах, а парламентам, і кіраваць сем гадоў замест цяперашніх пяці. За пяць дзён да народнага волевыяўлення выбухнулі масавыя пратэсты.

Прэм’ер назаўсёды

Сама ідэя пераходу да парламенцкай рэспублікі – сапраўды, прагрэсіўная: праводзіць палітыку цвёрдай рукі у краіне будзе цяжэй. Да таго ж, ні ў адной з былых савецкіх рэспублік прэзідэнт не абмежаваны адным тэрмінам, а моцны парламент маюць толькі Грузія і Украіна.

Але армянская апазіцыя кажа, што Саркісян хоча змяніць канстытуцыю, каб пасля заканчэння сваёй прэзідэнтуры ў 2018 годзе застацца ва ўладзе пажыццёва.

«Ці будзе Саркісян прэм’ер-міністрам, ці старшынём Вярхоўнага савету або парламенту або проста кіраўніком партыі і будзе кіраваць ценявымі рычагамі – не важна. Важна, што [новая] канстытуцыя зробленая, каб ён працягнуў кіраваць у Арменіі», – кажа сябра кіруючага камітэту «Форуму грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства» Офсэп Хутшудзян.

Сапраўды, ідэя дэмакратычных рэформаў гучыць з вуснай палітыкаў, якія кіруюць непадзельна ўжо 16 гадоў, гучыць для армянаў дзіўна. І ў тым, што канчатковыя вынікі плебісцыту будуць намаляваныя, ніхто не сумняецца.

«Фальсіфікацыі будуць. Справа ў тым, што гэта апошні шанец для гэтай улады кантраляваць абстаноўку. А Арменіі ёсць адно адрозненне ад іншых краінаў былога СССР: тут улады не карыстаюцца аніякай падтрымкай. Іх рэальны рэйтынг – 1-2%», – кажа Філіп Арзуманян з партыі «Спадчына».

Не ўсе канкурэнты Саркісяна выступаюць супраць рэферэндуму. Так, самы вялікі апанент Рэспубліканскай партыі ў парламенце, прарасейская «Квітнеючая Арменія» падтрымала змены ў Канстытуцыі. Акцыі супраць рэферэндуму, якія ад пачатку тыдня адбываюцца ў цэнтры Ерэвана, узначалілі больш дробныя гульцы палітычнай сцэны – пераважна, праеўрапейскія.

Тое, чаму Саркісян проста не змяняе ў галоўным законе краіны абмежаванне на колькасць тэрмінаў, эксперты тлумачаць вялікімі фінансавымі праблемамі.

«Проста прыбраць абмежаванне ў канстытуцыі на два тэрміны ён не можа, бо ў адрозненні ад іншых постсавецкіх краінаў, дзе гэта было зроблена, Арменія ў вялікай ступені залежыць ад Захаду і ягоных крэдытаў», – тлумачыць палітолаг Мікаэль Золян.

Другі прэзідэнцкі тэрмін Сержа Саркісяна сончыцца ў 2018 годзе

Улетку армяне ўжо масава пратэставалі супраць падвышэння тарыфаў на электраэнергію. Чэрвеньскі «электрамайдан» быў жорстка разагнаны.

Хаця Расея дала сёлета вялікую зніжку для Арменіі на газ, краіна застаецца па вушы ў пазыках. На думку экспертаў, нядзельны рэферэндум мае на мэце адцягнуць увагу ад гаспадарчых праблемаў

Паміж молатам і кавадлам

Апроч фінансавай залежнасці, Арменія залежыць вайскова – ад Расеі. Апошняя ўзамен за гарантыі бяспекі пашырае цяпер свой вайсковы кантынгент у Арменіі. У студзені ў аэрапорце Эрэбуні была сфармаваная эскадрылля расейскай армейскай авіяцыі, неўзабаве цяжкія верталёты Мі-24 і К-32 пачнуць дзяжурства ў аэрапорце Сцепанавана.

Ад пачатку канфлікту Расеі з Турцыяй роля Арменіі ўзрастае: грузінскія эксперты мяркуюць, што Каўказ, і Арменія ў прыватнасці, могуць стаць для расейскага войска адным з транзітных шляхоў на Блізкі Ўсход.

Транспартныя шляхі з Расеі ў Іран

Малаверагодна, што знаходзячыся паміж молатам і кавадлам, улады будуць лаяльныя да пратэстаў. Мікаэль Золян не сумняецца, што Саркісян «можа выкарыстаць знешнепалітычную сітуацыю, каб не дапусціць пратэстаў».

А пры поўным кантролі ўсіх галінаў улады ягонай Рэспубліканскай партыяй ані яму, ані Пуціну не трэба хвалявацца наконт стабільнасці ў Арменіі.

ДД, belsat.eu; графіка: Lenta.ru

У свежым выпуску «Прасвету» глядзіце:

Даследаванні японскіх навукоўцаў каштуюць жыцці сотням кітоў.

Што ў Арменіі змяніць лягчэй – канстытуцыю ці ўладу?

Цар і султан граюць цягліцамі: чым скончыцца расейска-турэцкае супрацьстаянне?

Глядзі таксама
Каментары