У Аргентыне асудзілі 29 чальцоў «эскадронаў смерці» часоў вайсковай хунты


Хорхэ Відэла - ў цэнтры

У Буэнас-Айрэсе завяршыўся адкрыты судовы працэс над былымі аргентынскімі маракамі і супрацоўнікамі спецслужбаў, якіх прызналі вінаватымі ў масавых забойствах у часы вайсковай дыктатуры ў 1970-80-х гадах XX стагоддзя. Суд даказаў, што сваіх палітычных супернікаў і проста выпадкова арыштаваных людзей, нават дзяцей, якія здаліся «падазронымі», асуджаныя жорстка катавалі і потым забівалі, у асноўным скідаючы жывымі ў раку Ла-Плата ці ў Атлантычны акіян з самалётаў або верталётаў. Гэтыя забойствы ва ўсім свеце сталі вядомыя як «палёты смерці».

З 68 чалавек, што ў 2013 годзе апынуліся на лаве падсудных, да моманту абвяшчэння прысуду пад судом засталіся 54. 29 з іх зараз былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне, 6 апраўданыя, астатнія ж асуджаныя на тэрміны ад 8 да 25 гадоў турэмнага зняволення.

У часы вайсковай хунты, якая дзейнічала ў Аргентыне пасля перавароту, здзейсненага ў 1976 годзе брыгадным генералам Хорхэ Рафаэлем Відэлам, ахвярамі рэпрэсіяў сталі ад 18 да 30 тыс. чалавек. Для барацьбы з левай інтэлігенцыяй, сацыялістамі і камуністамі, лідарамі рабочых прафсаюзаў і крытычна настроенымі да хунты журналістамі і святарамі Хорхе Відэла і яго памочнікі, а потым і пераемнікі стварылі эскадроны смерці.

Усе падсудныя мелі дачыненне да сакрэтнай вайсковай турмы, якая дзейнічала з 1976 па 1983 год на базе Школы ваенна-марскіх механікаў у адным з прыгарадаў сталіцы Аргенціны. Менавіта тут усіх няўгодных рэжыму (праз гэта месца прайшлі не менш за 5000 чалавек) катавалі і адсюль везлі на смерць.

У кожны «палёт смерці» звычайна адпраўляліся два пілоты, тры марскіх афіцэра і лекар. У палёце з асуджаных здымалі вопратку, рабілі ім укол наркотыку або транквілізатару, каб цалкам пазбавіць волі да супраціву, і выкідалі за борт.

 

ІІ, belsat.eu, паводле svoboda.org

Глядзі таксама
Каментары