У арганізатара бясплатных лекцыяў па праграмаванню следчыя шукалі грошы ад слухачоў

ВІДЭА

Павел Бука праводзіць заняткі з праграмістамі. Лекцыі «Інстытуту матэматыкі і кібернеткі» наведвае агулам каля трыццаці слухачоў

12 чэрвеня ў кватэры дырэктара «Інстытуту матэматыкі і кібернетыкі» следчыя паўтары гадзіны шукалі дакументы і каштоўнасці. Але нічога не знайшлі.

Павел Бука, кіраўнік праекту «Інстытут матэматыкі і кібернетыкі», кажа «Белсату», што яго прасілі аддаць 30 тысячаў рублёў добраахвотна.

«Адкуль узялася гэтая фантастычная лічба? Многія слухачы курсаў – завочныя студэнты Міжнароднага эканамічна-гуманітарнага ўніверсітэту ўва ўкраінскім Роўне, яны плацяць за вучобу $ 600 штогод. Імаверна, яны проста ўзялі гэтыя 600 долараў, памножылі на колькасць студэнтаў – і вывелі суму. То бок, легальную дзейнасць замежнай установы яны абвесцілі нелегальнай дзейнасцю беларускага філіялу, якога ў прынцыпе не існавала», – распавядае Павел Бука.

Гэта быў ужо другі вобшук у навукоўца. Пра першы «Белсат» паведамляў летась у сакавіку.

«Той ператрус адбыўся ў межах папярэдняй праверкі, якая трывала год. Паводле закону, яе тэрмін абмежаваны трыма месяцамі, і яна спынялася тры разы. Два разы аднаўлялася, а ў трэці замест аднаўлення я атрымаў інфармацыю аб завядзенні крымінальнае справы», – кажа Павел Бука.

12 сакавіка 2018 года супраць Паўла Букі, Дзмітрыя Канаплянікава і «неўсталяваных асобаў» з МЭГУ завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкулу 233 («Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць»).

«Інстытут матэматыкі і кібернетыкі» ладзіць бясплатныя лекцыі па камп’ютарных навуках і інфармацыйных тэхналогіях. Навучанне адбываецца па-беларуску. Следчыя органы спрабуюць даказаць, што Павел Бука і ягоныя калегі адкрылі ўніверсітэт.

Камітэт дзяржкантролю лічыць «Інстытут» філіялам МЭГУ. Павел Бука сцвярджае, што паміж беларускімі курсамі і ўкраінскай вучэльняй ёсць толькі дамова аб супольнай дзейнасці.

«Мы дамовіліся, што яны адчыняюць беларускамоўны паток у сябе, а мы праводзім экспертызу абітурыентаў і распаўсюджваем інфармацыю аб гэтым навучанні. Нашыя лекцыі бясплатныя, іх чытаюць дацэнты БДУ, а наведваць можа хто заўгодна. Да нас прыходзілі і студэнты беларускіх універсітэтаў, і тыя, хто ўвогуле нідзе не вучыўся», – кажа Бука.

Цяпер следчыя праводзяць допыты лектараў і слухачоў курсаў. Павел Бука называе дзеянні праваахоўнікаў ціскам.

Дзяніс Дзюба

Глядзі таксама
Каментары