У амерыканскім мультфільме паказалі бойку з Пуціным, які заклікаў галасаваць за Трампа

video

У 600-й серыі «Сімпсанаў» галоўны герой мультыплікацыйнага фільму Гамэр пабіўся з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Фрагмент серыі апублікаваны на YouTube.

Дзеянне адбываецца на выбарчым участку. Гамэр прыходзіць галасаваць за «кандыдата, які даруе свайму мужу, што б ён ні нарабіў», маючы на ўвазе Гілары Клінтан. На ўчастку з ім загаварыў мужчына і заклікаў яго галасаваць за Доналда Трампа, бо той добры бізнесмен і ўмее легальна не плаціць падаткаў.

Гамэр адказвае, што не гатовы даверыць краіну чалавеку, які збанкрутаваў шэсць разоў. «Гэта на два разы больш, чым я!» – усклікае галава сямейства Сімпсанаў. Тады яго суразмоўца кажа: «Ён пабудуе сцяну, каб захаваць каралеў прыгажосці, якія занадта шмат ядуць. У дадатак у яго ёсць план, як зрабіць Расею вялікай зноў ».

У гэты момант Гамэр здагадваецца, што перад ім не звычайны выбарнік, і лезе ў бойку. Падчас кароткай сутычкі Гамэр здымае з мужчыны маску, і высвятляецца, што гэта Уладзімір Пуцін. Аказваецца, ён нават ёсць у спісе выбарцаў. Пуцін ідзе галасаваць, а потым узнікае ззаду – на кані і з голым торсам. Ён кажа, што голас Гамэра нічога не значыць, бо расейскія хакеры зробяць патрэбны вынік Трампу. Пуцін абяцае, што той набярэ 102 %.

МЯ, паводле meduza.io

Глядзі таксама
Каментары