У амбасадах ЗША, Італіі і Паўднёвай Карэі ў Менску прачыталі беларускія вершы

Wideo

Дыпламаты са Злучаных Штатаў, Рэспублікі Карэя, Украіны і Славакіі далучыліся да беларускамоўнага паэтычнага флэш-мобу. Яны прачыталі вершы Ніла Гілевіча, Якуба Коласа і Янкі Купалы. Раней відэа з чытаннем беларускіх твораў запісалі ў амбасадары Фінляндыі, Чэхіі, Славакіі, Кыргызстану і Швецыі.

Дыпламаты прызналіся, што ініцыятыва «Чытаем па-беларуску з Velcom» з’яўляецца для іх асабліва цікавай з прычыны таго, што беларускай мовай ніхто з іх не валодае, аднак усе без выключэння лічаць яе важнай часткай нацыянальнай беларускай культуры.

Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі спадар Роберт Джон Райлі падключыўся да ініцыятывы і прачытаў верш Ніла Гілевіча «Белыя сыплюцца долу крышталікі…». Усе згодныя, што дыпламату ўдалося перадаць настрой гэтага «зімовага» твора.

Праект падтрымала і амбасада Рэспублікі Карэя. Памочнік Пасла Рэспублікі Карэя ў Беларусі Ю Хо Гел абраў для чытання верш Якуба Коласа «Надыход зімы».

«Культура Беларусі вельмі адрозніваецца ад карэйскай. Яны абсалютна розныя, але кожная па-свойму цікавая. Беларуская мова здаецца мне вельмі прыгожай, і таму нашая Амбасада з радасцю пагадзілася падтрымаць гэтую ініцыятыву», – сказаў Ю Хо Гел.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італьянскай Рэспублікі Стэфано Б’янкі далучыўся да праекта з санетам Язэпа Пушчы «Дантэ Аліг’еры». Спадару Стэфано Б’янкі ўдалося знайсці твор, які абʼядноўвае дзве культуры: беларускую і італьянскую.

Таксама да праекту далучылася амбасада Украіны, якую прадставіў Дзмітрый Цвердахлебаў, сын аднаго з супрацоўнікаў пляцоўкі. Хлопчык абраў верш Якуба Коласа «Будзь цвёрды».

Услед за Паслом Славацкай Рэспублікі Ёзэфам Мігашам ініцыятыву падтрымалі яго жонка і дачка. Дачка Пасла Славакіі Міхаэль Элізабэт Мігашова прачытала верш Янкі Купалы «Спадчына». Жонка Пасла Эва Мігашова абрала для чытання твор «Зоркі» гэтага ж аўтара, а таксама пракаментавала ўдзел у зімовым паэтычным флэш-мобе:

«Мы ўсёй сям’ёй вырашылі падтрымаць ініцыятыву, таму што праект падаўся нам вельмі цікавым. Беларуская мова – прыгожая і мілагучная, і наша дачка з асаблівым задавальненнем вывучае яе ў беларускай школе».

Амбасадары – не адзіныя замежнікі, якія бяруць удзел у ініцыятыве. Раней удзельнікаў конкурсу «Чытаем па-беларуску з Velcom» ужо падтрымалі генеральны дырэктар і топ-менеджэры Velcom. Яны запісалі відэа ў падтрыманне рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў.

Першы этап рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Чытаем па-беларуску з Velcom» працягнецца да 20 снежня 2017 года. Конкурс праводзіцца пры падтрыманні Міністэрства адукацыі Беларусі сярод вучняў 7 і 8 класаў. Удзельнікаў заахвочваюць запісаць відэа, на якім яны чытаюць адзін з твораў беларускай літаратуры. Затым неабходна размясціць відэа на асабістай старонцы ўва «уКантакце», «Фэйсбуку» або «Інстаграме») і пазначыць публікацыю афіцыйным хэштэгам конкурсу – #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom.

Журы назаве найлепшых канкурсантаў да 29 снежня 2017 года – яны возьмуць удзел у рэгіянальных этапах конкурсу ў 2018 годзе. Пераможцы рэспубліканскага фіналу атрымаюць айфоны.

ДД

Глядзі таксама
Каментары