У Алепа пры абстрэле палявога шпіталю загінула расейская медсястра

video

У сірыйскім Алепа пры абстрэле паўстанцамі палявога шпіталю загінула расейская медсястра, яшчэ два лекары з Расеі атрымалі раненні.

Пра гэта паведамляе ў панядзелак, 5 снежня, агенцтва AP, спасылаючыся на расейскага афіцэра. Ён распавёў карэспандэнту агенцтва ў Алепа, што гэта адбылося ў заходняй частцы гораду, які знаходзіцца пад кантролем ураду Сірыі.

Адзначаецца, што палявы шпіталь прыбыў з Расеі днём раней.

У Міністэрстве абароны Расеі пацвердзілі інфармацыю пра гібель расейскай медсястры і аб раненне двух лекараў. У Мінабароны таксама заявілі, што адказнасць за абстрэл ляжыць на тэрарыстах ды «іхных заступніках з ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі».

Наступ сірыйскай арміі на ўсходнюю частку Алепа працягваецца пры падтрымцы шыіцкіх аддзелаў, што фінансуюцца Іранам, а таксама расейскай авіяцыі. Расея, аднак, падкрэслівае, што яе авіяцыя не бамбуе самога Алепа. Паводле некаторых ацэнак, у кварталах, якія знаходзяцца пад кантролем паўстанцаў, застаюцца каля 250 тысяч чалавек.

Савет Бяспекі ААН у панядзелак, 5 снежня, разгледзіць праект рэзалюцыі, у якой утрымліваецца патрабаванне на тыдзень спыніць баявыя дзеянні ў Алепа. Над дакументам працавалі дэлегацыі Егіпту, Іспаніі і Новай Зеландыі. Першапачатковы праект рэзалюцыі прадугледжваў увядзенне дзесяцідзённага рэжыму спынення агню, аднак па выніках дыскусіяў працягласць перамірʼя была скарочаная.

https://www.youtube.com/watch?v=NmYGySTsalA

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары