У Александрыі прайшоў «фестываль імя Лукашэнкі»


Спроба Міністэрства культуры ў 2018 годзе знайсці новых арганізатараў свята «Купалле» у Александрыі правалілася: ніхто не пажадаў браць на сябе адказнасць і ладзіць фестываль для Аляксандра Лукашэнкі.

Чыноўнікам зноўку прыйшлося цягнуць гэтую лямку самім. Як звычайна, з максімальным прыцягненнем адміністрацыйнага рэсурсу. Таму перазагрузкі, якой чакалі ад Александрыі, не атрымалася. Свята нагадвае вялікі кірмаш, а не сучасны фестываль.

7-8 ліпеня ў Аграгарадку Александрыя восьмы раз праходзіць свята «Купалле». Мы наведалі першы дзень фестывалю, каб адшукаць 5 прычынаў, чаму туды трэба ехаць. Але адшукалі толькі адну – калі вы не з’яўляецеся аматарам таннага беларускага піва і шашлыку, то рабіць на фестывалі вам няма чаго.

«Купалле» 2018 года нічым не адрозніваецца ад усіх папярэдніх, акрамя свайго размаху. Павялічыўся памер пляцоўкі для фестывалю, а напаўненне не змянілася: гандлёвыя рады з ежай, кропкі беларускіх прадпрыемстваў і арганізацыяў, вырабы рамеснікаў, а таксама намёты шматлікіх устаноў адукацыі і культуры. Музычная частка свята была найменш цікавай для шырокай публікі.

Месца правядзення

Аграгарадок Александрыя знаходзіцца ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Аўтамабільны рух у пасёлку на час правядзення свята зачынены. Стыхійную паркоўку для машын робяць на полі перад аграгарадком, адкуль кожныя 5 хвілін ходзяць рэйсавыя аўтобусы да Александрыі. Плату за праезд бяруць як звычайна – 50 капеек. Можна прайсціся пешшу. Былі арганізаваныя дадатковыя рэйсы аўтобусаў і цягнікоў з Магілёва.

Каб патрапіць на «Купалле», трэба прайсці праз увесь аграгарадок – свята ладзіцца ў чыстым полі на беразе Дняпра. Каб госці не мясілі бруднае поле нагамі, уся тэрыторыя гулянняў была пад насціламі, сцяжынкі пасыпаны шчэбенем.

Удзельнікі

Як гэта бывае на ўсіх дзяржаўных мерапрыемствах, адны па загадзе робяць свята, іншыя па тым жа загадзе бяруць у ім удзел. І ўдзельнікамі, і гасцямі свята з’яўляюцца прадстаўнікі дзяржаўных устаноў і арганізацыі. Адмовіцца не прадстаўляецца магчымым. Дзіўна глядзець, як які-небудзь дом-інтэрнат прэзентуе сябе гатовай кулінарнай прадукцыяй, а райпо прапануе пакаштаваць самагон нягледзячы на забарону на моцныя алкагольныя напоі.

Хто прыехаў?

Рамеснікі і гандляры маглі браць удзел у свяце абсалютна бясплатна. Ніякіх умоваў – проста прыязджай і гандлюй. Такім чынам арганізатары вырашылі адразу два пытанні: стварылі маштабнасць мерапрыемства і стрымалі кошты на прадукцыю. На бясплатныя кропкі прыехала шмат гандляроў самым розным шырпатрэбам: на прылаўках стаялі сумкі, капелюшы, розная кітайская драбяза. Праз адсутнасць арэнднай платы кошты на тавары былі ніжэйшымі, чымся на іншых фестывалях. Для параўнання, месца на Славянскім базары каштуе 75 рублёў для беларусаў і 150 рублёў для замежнікаў, а месца ў Александрыі – бясплатна. Былі і такія, каму самі арганізатары плацілі за ўдзел: канешне, не наяўнымі, а кампенсацыяй дарогі, жытла і харчавання. Дэлегацыі рамеснікаў з Расеі, Украіны, Літвы былі запрошаны магілёўскімі чыноўнікамі.

Фуд-корт

Тое, за чым прыйшлі простыя людзі – гэта танная ежа і пітво. Калі на іншых фестывалях 100 г шашлыку і 0,5 піва каштуе 5 рублёў і 3 рублі адпаведна, то ў Александрыі мяса прадаюць па 3 рублі, а піва – па 2 рублі. Па ўсёй тэрыторыі свята стаялі брэндавыя сталы ад «Крыніцы» з дрэва і металу і такія ж крэслы. Сядзець за імі вельмі зручна і прыемна. Але і на дзяржаўным свяце не абышлося без падману: пад вечар кошты пачалі падвышаць, тое ж піва некаторыя адпускалі ўжо па 3 рублі.

Кожная кропка прапаноўвала адзін і той жа набор прадуктаў: шашлык, курыцу, блінчыкі, чабурэк. Можна было набыць ягады: вішню, чарэшню, парэчку. Гандляваць прыехалі ў асноўным дзяржаўныя прадпрыемствы, а вось прыватнікаў было мала: пару кропак з кавай, салодкай ватай і поп-корнам. Была адна кропка з літоўскай кухняй.

Ахова

На кожным мерапрыемстве ёсць ахова, але менавіта ў Александрыі ахоўваюць не цябе, а ад цябе. Прайсці на свята можна толькі праз кардон, на якім вытрасаюць і праглядаюць усе кішэні. Дагляд ажыццяўлялі як жанчыны, так і мужчыны. Некаторыя з іх дужа перастрахоўваліся: нам стала вядома, што акрэдытаваныя журналісты аднаго магілёўскага дзяржаўнага СМІ не змаглі прайсці са сваёй фотатэхнікай і былі вымушаныя здаць яе ў камеру захоўвання. Праз некалькі гадзін інцыдэнт вырашыўся, але непрыемнае адчуванне несвяточнасці засталося.

Пасля кардону аховы было яшчэ болей – канцэнтрацыя людзей у штатскім на 1 кв м. зашкалівала. Людзі ў штатскім хадзілі паўсюль і сачылі за ўсімі.

Бясплатны фестываль не бясплатны

Фестываль на Радзіме Аляксандра Лукашэнка з ягоным удзелам ну проста не можа быць платным. Ён жа для людзей. За ўваход грошы не бралі, кошты на тавары стрымліваліся, каб кожны мог набыць сабе келіх піва, а то і два. На гэтым фоне не зразумела, чаму арганізатары працягваюць браць грошы за канцэрт.

Каб пасядзець на пластыкавых крэслах у кампаніі Аляксандра Лукашэнка ў дзень канцэрту трэба было сплаціць 29 рублёў. Як нам сказалі ўдзельнікі свята, туды «пайшлі тыя, каму трэба».

Музычная частка

Самы слабы бок «Купалля» – ягоная музычнай частка. З афішы мы даведаліся, што выступаць павінны былі Сяргей Трафімаў, ВІА «Сіняя птушка», Мікалай Гнацюк, Таісія Павалій ды іншыя, але на якую публіку гэта разлічана? Адмыслова на гэтых выканаўцаў наўрад ці нехта збярэцца пайсці, таму канцэрт праходзіў проста фонам для ўсяго астатняга свята.

Людзі з квіткамі на руках нават не ведалі, якія артысты павінны выступаць. Усе называлі імя толькі аднаго чалавека, якога чакалі на канцэрце – гэта Аляксандр Лукашэнка.

Затрымка канцэрта на гадзіну

«Хвароба» фестываляў 2018 году напаткала і «Купалле» у Александрыі. Акурат перад пачаткам гала-канцэрту наляцела навальніца і пайшоў дождж. Людзі ўжо займалі месцы перад сцэнай, як арганізатары аб’явілі: «Хавайцеся пад навесамі ў палатках, перачакаем дождж».

На ўваходзе ў вялікую палатку ОАО «Александрыйскае» хутка паўстала ахова і не пускала людзей перачакаць залеву. Толькі жанчыны і дзеці неяк прасочваліся ўнутр. Дождж дазволіў ацаніць рашэнне арганізатараў пакрыць усё поле насцілам. Дзякуючы драўляным дошкам па тэрыторыі фестывалю яшчэ можна было неяк перасоўвацца. Гэта было прадуманае рашэнне.

Галоўная неспадзяванка фестывалю

Дождж зрабіў сваю працу і размыў поле не толькі пад самім фестывалем, але і пад машынамі на паркоўцы. Першы сектар апынуўся ў нізіне, таму пры выездзе з яго машыны буксавалі па мокрым полі. Хутка месца выезду ператварылася ў кашу з травы, зямлі і вады. Самастойна выехаць стала немагчыма.

Супрацоўнікі ДАІ і МНС хутка зарыентаваліся і прыгналі два трактары, які выцягваў машыны з паркоўкі. Некалькі машын пабіліся ў гэтай гразі, спатрэбілася афармляць ДТЗ.

Паўгадзіны нікога не выпускалі з паркоўкі проста праз тое, што адбываўся ад’езд Аляксандра Лукашэнка са свята. Хаця паркоўка знаходзілася ў некалькіх кіламетрах ад Александрыі і Аляксандр Лукашэнка тут не праязджаў.

Фестываль імя Аляксандра Лукашэнкі

Усе госці «Купалля», на чым бы яны не трапілі ў Александрыю, праходзяць праз школу, дзе навучаўся Аляксандр Лукашэнка. Усяго за 1 рубель можна паглядзець на парту, за якой сядзеў будучы прэзідэнт (фатаграфаваць яе забаронена) і наведаць прысвечаныя яму экспазіцыі.

«Фестываль імя Лукашэнкі» – так можна было назваць свята «Купалле» у Александрыі. Усе ведаюць і разумеюць, што свята праводзіцца для Лукашэнкі, ахова працуе для Лукашэнкі, і ўсе завязана менавіта на ім. Так і жывем…

АС, belsat.eu

Стужка навінаў