У актывісткі Вольгі Нікалайчык адбяруць жытло за штрафы?


Грамадская актывістка Вольга Нікалайчык атрымала пастанову ад судовых выканаўцаў Першамайскага раёну Менску, якія наклалі забарону на права адчужэння прыватнага дому, дзе жыве жанчына.

«Я не працую 20 гадоў пасля фільму «Звычайны прэзідэнт», – кажа Вольга Нікалайчык. А КДБ ходзіць паўсюль за мной і звальняе, дзе б я ні ўладкавалася. Адкуль я заплачу такія грошы? Буду рабіць пікеты каля Адміністрацыі кіраўніка краіны».

Падставаю для накладання арышту на дом Нікалайчык судовыя выканаўцы палічылі нясплочаныя штрафы за ўдзел актывісткі ў шматлікіх мірных акцыях пратэсту – усяго на 5250 рублёў. Цягам года Вольга Нікалайчык брала ўдзел у пікетах дзеля падтрымання зняволенага блогера Эдуарда Пальчыса, актывісткі Ніны Багінскай ды іншых.

Фота з «Фэйсбуку» Вольгі Нікалайчык

Паводле ж адмыслоўцаў, айчыннае заканадаўства не дазваляе накладаць арышт на жытло, якое з’яўляецца адзіным месцам пражывання таго ці іншага грамадзяніна або ягонай сямʼі.

«Таму я б не вяла гаворкі аб арышце ці высяленні Нікалайчык з гэтага дому, – мяркуе юрыст Тамара Сідарэнка. – Мне наагул цяжка ўявіць, якім чынам судовы выканаўца можа ў гэтым выпадку распарадзіцца гэтай нерухомасцю, каб спагнаць штрафы па адміністратыўным справам».

Летась у гэткую сітуацыю трапіла і іншая актывістка – 70-гадовая Ніна Багінская. Цягам года яна выходзіла на пікеты пад бел-чырвона-белым сцягам – у выніку праваахоўнікі склалі на яе шматлікія адміністратыўныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту. За нясплочаныя штрафы судовыя выканаўцы спачатку сканфіскавалі маёмасць жанчыны – мікрахвалёўку і пральную машыну, а пазней наклалі арышт на лецішча ды выставілі яго на продаж, але ахвотных набыць лецішча няма.

«Тры продажы не адбыліся. Пакупнікоў няма, – кажа грамадская актывістка Ніна Багінская. – Я думаю, людзям сорамна набываць маё лецішча, бо людзі ўсё ж ведаюць, што адбываецца ў гэтай краіне».

Праваабаронцы падлічылі, што летась грамадскія актывісты і незалежныя журналісты сплацілі дзяржаве штрафаў на агульную суму каля трохсот тысяч дэнамінаваных рублёў. Зыходзячы з таго, што сярэдні заробак беларускага міліцыянта ў 2016 годзе складаў прыкладна 600 рублёў, гэткая сума ўжо пакрыла месячны заробак паўтысячы айчынных сілавікоў.

Вольга Нікалайчык у 2015 годзе атрымала ўзнагароду за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча, брала ўдзел у перформансе каля расейскай амбасады ў Менску i другіх грамадскіх актыўнасцях.

Віталь Бабін

Вольга Нікалайчык у «Гарачым каментары»: «Я не баюся»

Стужка навінаў