У Актэбэ забітыя яшчэ пяць нападнікаў на зброевую краму


Асобы забітых устаноўлены, іх імёны не ўдакладняюцца. Таксама праваахоўнікі затрымалі двух чалавек, піша «Бі-бі-сі».

Цяпер у Актэбэ асаблівы рэжым. Зачыненыя гандлёвыя цэнтры і буйныя крамы, не працуе грамадскі транспарт.

У меркаваных злачынцаў канфіскавалі частку скрадзенай зброі. Паводле звестак МУС, зламыснікі скралі са зброевай крамы 3 наразных стрэльбы і 14 гладкаствольных стрэльбаў, 3 газавых пісталеты, патроны і нажы.

Раней паведамлялася, што забітыя чацвёра, і яшчэ сем чалавек затрыманыя.

Праваахоўнікі кажуць, што напад на зброевую краму і страляніну ў Актэбэ зладзілі «радыкальныя прыхільнікі нетрадыцыйных рэлігійных плыняў».

Нападнікі забілі прадаўца і супрацоўніка ахоўнага агенцтва. На месца здарэння прыбыў нарад паліцыі. У выніку перастрэлкі са злачынцамі былі параненыя трое супрацоўнікаў МУС. Злачынцы збеглі, яны напалі на яшчэ адну краму, пасля чаго паехалі ў вайсковую частку Актэбэ. Злачынцы захапілі аўтобус і пратаранілі ім вароты часткі. Вайскоўцы адкрылі агонь. У перастрэлцы забілі некалькіх нападнікаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў