У НАН вызначылі топ-10 дасягненняў беларускіх навукоўцаў


Бюро Прэзідыума НАН вызначыла топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных акадэміі за 2017 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў.

Аўтарскі калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі распрацаваў метадалогію канвертавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычную транскрыпцыю і стварэнне першага поўнага беларускага лінгвістычнага даведніка.

Навукоўцы Інстытута гісторыі ўвайшлі ў лік пераможцаў за адкрыццё на Палессі ўнікальных для сусветнай гістарычнай навукі славянскіх паселішчаў, а таксама раскрыццё працэсу фармавання і развіцця раннеславянскі супольнасці на тэрыторыі Беларусі.

У дзясятку трапіў калектыў навукоўцаў Абʼяднанага інстытута праблем інфарматыкі. Іх узнагародзяць за фундаментальныя даследаванні і распрацоўку малагабарытнага мабільнага суперкампʼютара для апрацоўкі вялікіх масіваў дадзеных і рашэння задач высокадакладнай мадэлявання і праектавання.

Аўтарскі калектыў НПЦ па матэрыялазнаўстве адзначаць за распрацоўку і сінтэз кампазіцыйных і нанаструктурных магнітных матэрыялаў, якія забяспечваюць высокія функцыянальныя ЗВЧ-характарыстыкі і абарону вырабаў мікраэлектронікі ад дэстабілізуючых вонкавых уздзеянняў.

Навукоўцы Абʼяднанага інстытута энергетычных і ядравых даследаванняў – Сосны ўвайшлі ў дзясятку лепшых за стварэнне метадаў і праграм разліку аптычных перасекаў атамных ядраў з гарантаванай дакладнасцю, што прымяняюцца пры вырашэнні навуковых і інжынерных задач атамнай энергетыкі.

Калектыў навукоўцаў Інстытута біяарганічнай хіміі будзе ўзнагароджаны за ўсталяванне малекулярнага механізму падаўлення імунітэту чалавека мікабактэрыямі Mycobacterium tuberculosis з мэтай стварэння процітуберкулёзных прэпаратаў новага пакалення.

Калектыў Інстытута біяарганічнай хіміі – за выяўленне новага ўніверсальнага індыкатара антыаксідантнага патэнцыялу для дыягностыкі ўстойлівасці чалавека да акісляльнага стрэсу.

Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Сяргей Федаровіч адзначаны за ўсталяванне механізму парушэнняў сінаптычнай перадачы ў нейронах у жывёлаў пры гіпаксіі, карэкцыя якіх дазваляе абараніць мозг ад пашкоджанняў пры ішэмічным інсульце.

За выяўленне і інактывацыю генаў рэгуляцыі біясінтэзу антымікробных метабалітаў ў бактэрый, што дазваляе істотна павысіць прадукцыю мэтавых біялагічна актыўных злучэнняў і стварыць сродкі абароны раслін новага пакалення, адзначаны калектыў аўтараў Інстытута мікрабіялогіі.

Навукоўцы Інстытута глебазнаўства і аграхіміі стварылі мікробную кампазіцыю, якая спалучае ўласцівасці біяўгнаенні, рэгулятара росту і біяфунгіцыду.

Узнагароджанне пераможцаў будзе прымеркавана да святкавання Дня беларускай навукі ў канцы студзеня 2018 года.

КА, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў