У аэрапорце Стамбулу адбыліся выбухі і страляніна: 36 загінулых


У выніку нападу на міжнародны аэрапорт імя Атацюрка ў Стамбуле загінулі, паводле апошніх звестак, 36 чалавек, раненні атрымалі блізу 140 чалавек.

Паводле паведамлення Міністэрства замежных справаў Беларусі, сярод пацярпелых няма беларусаў.

Раней былі звесткі пра 50 загінулых, але гэтая інфармацыя не пацвердзілася.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган рэзка асудзіў дзеянні зламыснікаў, якія забілі нявінных людзей у Рамадан, і заклікаў міжнародную супольнасць узмацніць барацьбу з тэрарызмам.

«Гэта напад у святы месяц Рамадан яшчэ раз паказвае, што тэрарызм наносіць удар без аглядкі на веру і каштоўнасці. Спадзяюся, што тэракт у Стамбуле стане зваротным пунктам для агульнай барацьбы з тэрарызмам з удзелам усіх краін свету», – сказаў Эрдаган.

У міжнародным аэрапорце імя Атацюрка ў Стамбуле позна ўвечары ў аўторак адбыліся выбухі і перастрэлка.

Па словах міністра юстыцыі Турцыі Бэкіра Боздага, напад учынілі тры смяротнікі. Тыя, хто нападаў адкрылі агонь з аўтаматаў, а затым падарвалі сябе.

Паводле відавочцаў, адзін з выбухаў адбыўся ў натоўпе перад рамкамі металашукальнікаў, размешчаных ля ўваходу ў будынак аэрапорту.

Пакуль ніхто не ўзяў на сябе адказнасць за тое, што здарылася, але ў мінулым турэцкія ўлады вінавацілі ў нападах баевікоў тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» або курдскіх сепаратыстаў.

Турэцкія ўлады не выключаюць, што за нападам на аэрапорт могуць стаяць джыхадысты з «Ісламскай дзяржавы».

Усе запланаваныя да вылету рэйсы з міжнароднага аэрапорту Стамбулу былі пасля выбухаў адмененыя, пасажыраў размясцілі ў гасцініцах.

У мінулым годзе аэрапорт імя Атацюрка ўвайшоў у тройку самых ажыўленых аэрапортаў Еўропы, стаўшы трэцім па ліку паводле колькасці рэйсаў пасля лонданскага Гітроў і аэрапорту імя Шарля дэ Голя ў Парыжы.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў