У аэрапорце Куала-Лумпура нехта забыўся на тры «боінгі»


Абвесткі пра пошук гаспадара нічыйных самалётаў зʼявіліся сёння ў малайзійскіх газетах. Калі ніхто не адгукнецца, адміністрацыя аэропорту прадасць «боінгі» з аўкцыёну.

Адзін белы і два брудна-белыя – малайзійская прэса апублікавала сёння фотаздымкі трох «боінгаў» 747, якія шукаюць сваіх гаспадароў. Двухпалубныя лайнеры стаяць на паркінгу міжнароднага аэрапорту ў сталіцы Малайзіі ўжо год. Калі на працягу 14 дзён гаспадар так і не абʼявіцца, самалёты будуць прададзеныя з аўкцыёну.

Аэрапорт наўрад ці заробіць маёнтак: пакінутыя самалёты – «боінгі» 747-200-F. Іх вытворчасць спынілася ў 1991 годзе. Кошт кожнага з куала-лумпурскіх беспрытульнікаў можа вагацца ад $ 1,3 млн да $ 13 млн.

«Пошук уладальнікаў самалётаў праз абвесткі ў прэсе – правамоцны крок. Так зрабіць мог бы кожны іншы аэрапорт на свеце», – заявіла дырэкцыя «Малайзійскіх аэрапортаў».

Адміністрацыя аэрапорту ў Куала-Лумпуры лічыць, што ўладальнікамі самалётаў могуць быць кампаніі «Air Atlanta Icelandic» або «MASkargo», але фірмы абвяргаюць гэтую інфармацыю.

Прэцэдэнт у Куала-Лумпуры – першы выпадак «згубы» самалётаў у гісторыі авіяцыі.

Нічыйныя самалёты – чарговая прычына вяртання «Малайзійскіх авіялініяў» у сусветныя медыі: летась кампанія страціла два «боінгі» 777 – у сакавіку знік з радараў рэйс, які ляцеў з Куала-Лумпура ў Пекін, а ў ліпені над Украінай быў збіты самалёт, які ляцеў у Куала-Лумпур з Амстэрдаму.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў