У адносінах да Ларысы Шчыраковай склалі новы адміністрацыйны пратакол за супрацу з «Белсатам»


Пра новую справу за незаконны выраб прадукцыі СМІ ёй паведамілі праз тэлефон міліцыянты Савецкага РАУС. Пратакол яна яшчэ не атрымала.

«Вядома толькі, што міліцыянты склалі пратакол за відэасюжэт пра намер уладаў знесці звыш паўсотні прыватных жылых дамоў у Гомлі ў межах вуліц Багдана Хмяльніцкага – праспект Рэчыцкі – Чкалава. Такі намер уладаў выклікаў абурэнне ў мясцовых жыхароў. Кіраўнікі адміністрацыі раёну і ўпраўлення архітэктуры гораду мусілі збіраць 10 чэрвеня сход гараджанаў», – распавяла яна.

Яна зняла відэа і заліла яго на Youtube, некаторыя здымкі былі выкарыстаныя ў сюжэце.

Дата і месца суду пакуль невядомыя.

Сёлета гэта ўжо пятая адміністрацыйная справа супраць незалежнай журналісткі.

Тры разы журналістку штрафавалі нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Яшчэ адзін пратакол датычны ўдзелу ў акцыі недармаедаў у Рагачове, які яна асвятляла.

Агулам яе аштрафавалі на 2 576 рублёў.

У красавіку яна сутыкнулася з пагрозамі пазбавіцца мацярынскіх правоў.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў