У Адэсе абстралялі журналістаў мясцовага тэлеканалу


У Адэсе абвясцілі план «Перахоп». Там спрабуюць затрымаць зламыснікаў, якія стралялі ў здымачную групу мясцовага «7 каналу».

Два аператара і адзін журналіст цяпер у лякарні. Іх жыццё ў бяспецы, але раненні даволі сурʼёзныя. Журналіст атрымаў раненні галавы і спіны. Два аператары – з пераломамі. Напад цалкам зафіксавалі камеры відэаназірання каля офісу тэлеканалу.

Трое невядомых падʼехалі на легкавушцы «Хонда» да офісу тэлеканалу, выклікалі аднаго з супрацоўнікаў і пасля непрацяглай сваркі пачалі яго біць. На падмогу калегу падскочылі яшчэ двое хлопцаў, але і нападнікам на дапамогу прыйшоў трэці з помпавай стрэльбай і пачаў страляць ва ўпор. Журналісты паспелі запісаць нумар машыны, на якой прыехалі нападнікі.

Ці звязаны напад непасрэдна з журналісцкай дзейнасцю, на канале не гавораць.

«Гэта ўсё роўна, з якой дзейнасцю гэта звязана. Скажыце, калі ласка, ці трэба высвятляць адносіны кулакамі з ужываннем помпавай стрэльбы? Гэта не вырашэнне пытання, цяпер прычына цалкам не важная. Гэты напад на людзей, страляніна сярод белага дня і гэта напад на журналістаў», – кажа генеральны дырэктар тэлекампаніі «7 канал» Віктар Малышаў.

Зрэшты, у паліцыі кажуць, што спрэчка адбылася праз знятае відэа.

«На месцы здарэння было ўстаноўлена, што здымачная група «7 каналу» рабіла сюжэт пра аўтастаянку. Які паўстаў у іх канфлікт – яшчэ невядома. Калі будуць затрыманыя гэтыя людзі, мы зможам дакладна сказаць. Як бачыце, тут ёсць дроб гільзы ад помпавай стрэльбы, машына зʼехала», – кажа намеснік начальніка аддзелу камунікацый Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнай паліцыі ў Адэскай вобласці Віктар Удовін.

Паліцыя ўжо ўстанавіла, на каго зарэгістраваны аўтамабіль, хто нападаў. Іхныя пошукі працягваюцца да гэтага часу.

Паліцыя пакуль не пацвярджае апублікаваную ў медыях інфармацыю пра затрыманне зламыснікаў.

МЯ, паводле tsn.ua

Стужка навінаў