У Аб’яднанай грамадзянскай партыі змянілася кіраўніцтва


Аб’яднаную грамадзянскую партыю да наступнага з’езду будзе ўзначальваць былы міліцыянт Мікалай Казлоў. Ён змяніў на гэтай пасадзе Васіля Палякова, які кіраваў партыяй 2,5 месяца.

Васіль Палякоў быў абраны кіраўніком АГП на з’ездзе 8 ліпеня. Да гэтага часу партыю шмат гадоў узначальваў Анатоль Лябедзька.

«Па заканчэнні двух месяцаў пасля зʼезда нававыбраныя старшыня зрабіў заяву пра тое, што не ў поўнай меры ўяўляў сабе наяўныя ў партыі праблемы і тыя новыя выклікі, якія стаяць перад партыяй і перад ім як старшынёй. Сітуацыю пагоршыла немагчымасць яго пераезду ў Менск (Палякоў жыве ў Гомлі – belsat.eu). 23 верасня ён звярнуўся да Палітрады партыі з заяву аб складанні паўнамоцтваў Старшыня АГП. Палітрада АГП прыняла адстаўку Васіля Палякова. Палітрада высока ацэньвае заслугі Васіля Палякова перад партыяй, яго дзелавыя і асабістыя якасці і выказвае ўпэўненасць у тым, што ён працягне актыўна працу ў партыі», – паведамляе прэс-служба АГП.

Выкананне абавязкаў да наступнага зʼезду партыі ўскладзена на намеснік старшыні АГП Мікалая Казлова.

  • Мікалай Казлоў нарадзіўся ў 1967 годзе ў Менскай вобласці. Амаль 17 гадоў прапрацаваў у міліцыі. У 2008 годзе ахоўваў выбарчы ўчастак падчас парламенцкай кампаніі і выкрыў незаконныя ўкіды бюлетэняў пасля сканчэння працы ўчастку. Выступіў з заявамі ў прэсе з гэтай нагоды, сышоў з міліцыі. Потым далучыўся да АГП.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў