Старшыня Камітэта сейма па замежных справах прапануе больш інвеставаць у рэгіёны, дзе кампактна пражываюць нацыянальныя меншасці.
Пасля заяваў расейскага МЗС аб прыгнёце расейскамоўных у Прыбалтыцы Літва павінна быць гатовай да правакацыяў з боку Расеі. Такую думку выказаў старшыня Камітэта сейма Літвы па замежных справах (КЗС) Бенедзіктас Юодка.
«Канфлікт Расеі – гэта і ёсць «абарона» правоў рускіх на паўднёвым усходзе Украіны. Можна «псэўда» абараняць у любой краіне ЕЗ, дзе ёсць пэўны працэнт расейскамоўных. У самай небяспечнай сітуацыі, хіба, знаходзіцца Эстонія, але і мы мусім быць гатовыя», – сказаў Юодка.
Старшыня КЗС раіць звярнуць больш увагі на рэгіёны, дзе кампактна пражываюць нацыянальныя меншасці. Бенедзіктас Юодка прыводзіць у прыклад Вісагінас, дзе бракуе інвестыцыяў і які нагадвае «забыты край».
Апасенні літоўцаў выклікала заява адказнага за правы чалавека прадстаўніка МЗС Расеі Канстанціна Далгова, які заявіў, што міжнародная супольнасць мусіць рэагаваць на «грубыя парушэнні расейскамоўных у Балтыі».