Каб зрабіць беларускую кухню пазнавальнай, трэба 15-20 гадоў


Ці прыцягнуць смаргонскія баранкі і мірскія пернікі турыстаў у Беларусь?

Старшыня праўлення аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова лічыць перспектыўным развіццё ў Беларусі гастранамічнага турызму.

«Кожны рэгіён павінен быць пазнавальным у турыстычным плане. Адзін з варыянтаў – стварэнне своеасаблівых кулінарных брэндаў, калі пэўная страва становіцца візітоўкай рэгіёну і яе можна паспрабаваць ва ўсіх мясцовых установах», – адзначыла Валерыя Кліцунова ў каментары БелТА.

Спецыялістка мяркуе, што папулярызацыя мясцовай кухні будзе спрыяць развіццю аграэкатурызму.

Ці сапраўды такая ідэя спрацуе? Аўтар кнігі «Наша страва: сапраўдная беларуская кухня» Алесь Белы прыводзіць у прыклад суседнюю Польшчу. Там развіццём лакальных кулінарных брэндаў адказвае Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі. А таксама ваяводствы: на сайтах ваяводстваў ёсць спісы рэгіянальных прадуктаў, якія ўвесь час папаўняюцца.

„Усяго ў Польшчы такіх прадуктаў было зафіксавана каля 800 за апошнія 10 гадоў. У нас у краіне няма такой юрыдычнай схемы, і ніхто не рабіў сур’ёзнага даследавання з прывязкай да тэрыторыі і гэтак далей. У нас, каб атрымалася нешта вартаснае, не нешта прызначанае зверху, патрэбна 15-20 гадоў”, – кажа Алесь Белы.

Алесь Белы пагаджаецца, што развіццё лакальных кулінарных брэндаў можа ў пэўным сэнсе прыцягнуць турыстаў. І называе некалькі страваў, якія могуць быць іх зацікавіць: смаргонскія баранкі, мірскія пернікі, дзісенскае масла.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў