У 120-й брыгадзе ва Уруччы загінуў афіцэр – не адвезлі ў шпіталь з траўмаю галавы


Беларускае войска. Фота – Віктар Драчоў/ТАСС

Афіцэр з 120-й асобнай механізаванай брыгады Аляксей Мензурэнка загінуў 30 чэрвеня – ён упаў на тэрыторыі вайсковай часткі і атрымаў траўму галавы. Аднак быў дастаўлены не ў медычную ўстанову, а па месцы пражывання – у інтэрнат.

Паводле TUT.BY, афіцэра пахавалі 5 ліпеня ў Воршы разам з бацькай, які памёр пасля працяглай хваробы.

«Учора Лёшку пахавалі разам з бацькам, у адзін дзень. Людзі ішлі за двума трунамі, – распавяла TUT.BY сваячка загінулага афіцэра. – З Менску прыехалі хлопцы, калегі Аляксея, гуляў аркестр. Што з ім канкрэтна здарылася, толкам ніхто не ведае, здаецца, была гематома. Цела Аляксея пяць дзён праляжала ў моргу, а 3 ліпеня пасля працяглай хваробы памёр бацька Алешка. Іх вырашылі пахаваць побач».

Аляксей Мензурэнка, фота са старонкі Вконтакте

Да трагедыі Аляксей Мензурэнка жыў у пакоі ў інтэрнаце. Яго мама Святлана ўжо прыязджала з Воршы ў Менск на размову да следчага, але, прызнаецца жанчына, была ў такім шокавым стане, што мала памятае з той размовы.

«Калі ўсё здарылася, Лёшу адвезлі не ў шпіталь, а ў інтэрнат, паклалі ў пакоі і папрасілі суседку прыглядаць за ім. Яна прыходзіла ў 23.00 (29 чэрвеня), ён яшчэ быў жывы, спаў, а раніцай 30-га – ужо мёртвы, – распавяла Святлана, маці загінулага вайскоўца. – Ускрыццё паказала, што ў яго «тупая траўма галавы». Ніякіх падрабязнасцяў не ведаю: ён сам упаў, яго штурхнулі ці ўдарылі. Чаму дзіцяці не аказалі медычную дапамогу?».

У Мінабароны пацвердзілі факт смерці афіцэра, аднак дэталі трагедыі не паведамляюць.

Belsat.eu звязаўся са знаёмым загінулага, Міхаілам Міхайленка, які служыць у інжынерна-сапёрным батальёне 120-й брыгады. Паводле яго словаў, пра смерць Аляксея той даведаўся ад таварыша па службе.

«Мы былі ў розных частках. Патэлефанаваў мой таварыш і распавёў, што здарыўся няшчасны выпадак. Нешта звязанае з алкаголем, нібыта Аляксей ужыў алкаголь тады. Мы бачыліся вельмі рэдка. Ніякіх канфліктаў з камандаваннем і ўвогуле ў частцы ў яго не было. Гэта ўся інфармацыя», – сказаў Міхайленка.

Карэспандэнт belsat.eu патэлефанаваў чалавеку, на якога спасылаўся Міхайленка, аднак той заявіў, што яму нічога не вядома пра абставіны смерці Мензурэнкі. Да таго ж, ён падкрэсліў, што «звольніўся са службы ў войску па заканчэнні кантракту», а пра смерць Мензурэнкі пачуў ад былых калег з часткі.

***

Гэта не першы няшчасны выпадак у 120-й асобнай механізаванай брыгадзе. 4 красавіка стала вядома, што жаўнер тэрміновай службы, радавы Дзмітрый Удод атрымаў смяротнае агнястрэльнае раненне падчас планавых заняткаў па агнявой падрыхтоўцы. Жаўнерамі тэрміновай службы, якія ўваходзілі ў экіпаж БМП, «былі парушаныя меры бяспекі пры дзеяннях пры ўзбраенні баявых машын», заявілі тады ў Мінабароны.

КА/ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары