Тытульным спонсарам «Крумкачоў» стала піваварная кампанія «Крыніца»


Піваварная кампанія будзе спансаваць футбольны клуб, які сёлета сенсацыйна прабіўся ў Вышэйшую лігу.

Кантракт разлічаны на тры гады.

«Мы не хаваем гонару, што менавіта нам удалося стаць тытульным спонсарам клубу. І «Крыніца» і «Крумкачы» знаходзяцца прыкладна ў аднолькавых стадыях развіцця, калі ўжо ёсць і гісторыя поспеху, і калі вельмі шмат яшчэ трэба зрабіць. У нас грандыёзныя планы, і разам у нас атрымаецца іх здзейсніць – мы ў гэтым не сумняемся», – заявіў гендырэктар ААТ «Крыніца» Аляксандр Кіжук.

Паводле яго, кампанія пабачыла ў «Крумкачах» дух, які «карэлюе з духам» «Крыніцы».

Піяршчык «Крумкачоў»: Гэта не галоўная мэта, але будзем прасоўваць беларускую мову ў «вышцы»

«Крумкачы» і «Крыніца» задаюць новы тэмп развіцця нашаму спорту і грамадству. Гэта выдатны прыклад таго, як узаемавыгадна можа ўзаемадзейнічаць беларускі спорт і бізнес. Прыклад таго, як паступова, крок за крокам можна выбудоўваць будучыню. Мы ўварваліся ў Вышэйшую лігу, і ставім перад сабой толькі самыя высокія задачы», – адзначыў старшыня праўлення футбольнага клубу «Крумкачы» Дзяніс Шунто.

Таксама ён заявіў, што ў пачатку 2016 года «Крумкачы» абвесцяць краўфандынгавую кампанію па зборы грошай.

«Кожны асабіста зможа зрабіць уклад у развіццё сапраўднай народнай каманды. Народнай без двукосся», – заўважыў Дзяніс Шунто.

ФК «Крумкачы» былі створаныя ў 2011-м годзе. Спачатку выступалі ў аматарскім чэмпіянаце, але ў 2014-м годзе дэбютавалі ў другой лізе беларускага першынства, пасля першага сезону атрымаўшы права на выступ у дывізіёне вышэй. Сёлета «Крумкачы» сенсацыйна заваявалі пуцёўку з першай лігі ў Вышэйшую.

ААТ «Крыніца» – буйнейшае прадпрыемства ў піваварнай галіне Беларусі, завод быў заснаваны ў 1975-м годзе.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by, фота Анатоля Рэдзіна

Стужка навінаў