Тымчук: У ДНР адбылася спроба перавароту


У тэрарыстычнай групоўцы «Данецкая народная рэспубліка» адбылася спроба перавароту. Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» паведаміў кіраўнік украінскага Цэнтру вайскова-палітычных даследаванняў Дмытро Тымчук.

«Як толькі кіраўніцтва гэтай тэрарыстычнай арганізацыі паперла на перамовы ў Менск, то ў ДНР адбылася спроба, як назваў яе «міністр дзяржбяспекі ДНР» Лёнька Баранаў, «дзяржаўнага перавароту», – напісаў Тымчук.

Паводле інфармацыі ўкраінскага агенцтва «УНІАН», баявік з акружэння лідараў ДНР Уладзімір Акінфееў паспрабаваў захапіць у Данецку ўладу. Ён адхіліў ад пасадаў некалькіх «міністраў» і выпісаў ордэр на арышт некаторых найбольш актыўных прадстаўнікоў ДНР, а таксама закрыў у сутарэнні сакратарку аднаго з «міністраў», падае сайт rusnovosti.ru.

«У той час, калі мы даверылі лёс рэспублікі людзям давераным, як нам здавалася, канкрэтна Уладзіміру Акінфееву. Ён, пакуль нас не было, дабраўся да ўлады, ўзурпаваў яе. У прынцыпе, гаворка ідзе пра пераварот, але ён не адбыўся, нашы людзі адмовіліся выконваць ягоныя загады. Засталася толькі маленькая кучка здраднікаў, якія за гэта адкажуць ў судовым парадку», – цытуе словы «міністра дзяржбяспекі ДНР» Леаніда Баранава сайт ridus.ru.

У «Вярхоўным савеце» ДНР скаментавалі, як перадае «Интерфакс», што нічога не чулі пра спробу дзяржаўнага перавароту.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.ua, rusnovosti.ru, ridus.ru, interfax-russia.ru

Стужка навінаў